Карэспандэнтку незалежнага баранавіцкага выданьня Intex-press, якая размаўляла з гараджанамі на вуліцах гораду, выклікалі на 10.00 16 лютага ў Баранавіцкі ГАУС. Аднак пасьля допыту журналістка ня выйшла. Яе затрымалі на 72 гадзіны.
Напярэдадні у ТАА «Выдавецкі дом «Інтэкс-прэс» прыйшлі сілавікі з пастановай аб правядзеньні агляду будынка. У ходзе агляду забралі сыстэмныя блёкі, фотаапарат, ноўтбукі, у тым ліку асабістыя ноўтбукі супрацоўнікаў Intex-press, а таксама кампутарную тэхніку бухгальтэрыі і рэклямнага аддзелу.
Паводле Intex-press, у пастанове на агляд указана, што міліцыя разгледзела «матэрыялы праверак па факце парушэньня заканадаўства аб СМІ». Якія парушэньні — не ўдакладняецца. Але пералічваюцца відэа, апублікаваныя на YouTube-канале Intex-press: сярод іх відэа «Што папрасілі б у Дзеда Мароза жыхары Баранавічаў», «Пра што б спыталі кіраўніка горада, распавялі жыхары Баранавічаў» і «Прадукцыю якіх прадпрыемстваў з Баранавічаў можна пастаўляць у Афрыку».
Апошні раз ператрус у рэдакцыі Intex-press адбыўся летась 12 траўня па справе аб «экстрэмізьме» ў сувязі зь перасьледам журналіста выданьня Юрыя Ганцарэвіча. 14 ліпеня 2022 году яму прысудзілі 2,5 года зьняволеньня за фота расейскай вайсковай тэхнікі.