У Гомлі на мінулым тыдні затрымалі плястычнага хірурга Аляксея Дужага. Цяпер ён у менскай турме на Акрэсьціна.
«Проста ў клініцы на працоўным месцы затрымалі Аляксея Дужага, плястычнага хірурга. Яго затрымлівалі ў 2020 годзе, і з тых часоў ён размаўляў толькі на беларускай мове», — напісаў выданьню Zerkalo.io чытач.
Кантактны тэлефон клінікі Аляксея, куды патэлефанавалі журналісты Zerkalo, каб праверыць інфармацыю, недасяжны. У сацсетках клінікі пазначана, што ўсе кансультацыі і апэрацыі хірурга адмяняюцца з 3 па 19 лютага.
15 лютага тэлеграм-канал беларускіх мэдыкаў «Белыя халаты» напісаў, што Аляксей Дужы знаходзіцца ў Менску ў турме на завулку Акрэсьціна і што да яго не пускаюць адваката.
Праз час стала вядома, што яго арыштавалі на 15 сутак.