Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як перамагчы ў «вайне гісторыяў». ВІДЭА


Вайна ва Ўкраіне пачалася праз паўгода пасьля публікацыі гістарычнага артыкулу Ўладзіміра Пуціна «Аб гістарычным адзінстве расейцаў і ўкраінцаў». Ці можна сёньня гаварыць пра вайну гісторыяў і што рабіць гісторыкам, якія знаходзяцца на іншым (ад расейскага) баку фронту?

Пра гэта і пра іншае на новым Ютуб-канале «Гісторыя на Свабодзе» Дзьмітры Гурневіч гутарыць зь Сяргеем Абламейкам.

  • 0:10 што такое «вайна гісторыяў»
  • 1:46 як Расея ідэалягічна вярнулася ў ХІХ стагодзьдзе
  • 2:49 чаму кажуць, што артыкул Пуціна «Аб гістарычным адзінстве расейцаў і ўкраінцаў» пісалі добрыя гісторыкі
  • 4:59 чаму аргумэнты 600-400-гадовай даўніны не падыходзяць да сёньняшняй палітыкі
  • 5:25 як гісторыкі павінны былі адказаць на артыкул Пуціна, але не адказалі
  • 7:58 калі ўзьнік першы пісьмовы дакумэнт, у якім выявіліся асаблівасьці беларускай мовы
  • 8:31 чаму з гістарычнымі аргумэнтамі Расеі трэба дыскутаваць
  • 9:20 як заходнія гісторыкі глядзяць на прадмет гістарычнай спрэчкі паміж Расеяй, з аднаго боку, і беларусамі і ўкраінцамі, зь іншага
  • 11:04 як Гарвардзкі ўнівэрсытэт у 2013 і 2014 гадах двойчы перавыдаў «прарасейскую» гісторыю Беларусі
  • 14:08 як чэскія скарыністы адмаўляюць беларускасьць Скарыны
  • 15:56 чаму гісторыкам трэба больш актыўна займацца публіцыстыкай і навукова-папулярнымі выданьнямі
  • 17:47 праўдзівая гісторыя Беларусі эўрапейская

Фрагмэнт размовы вядучага Дзьмітрыя Гурневіча зь Сяргеем Абламейкам:

— Сяргей, я не дарэмна ва ўступе згадаў пра «вайну гісторыяў». Гэта якраз вы прыдумалі такі тэрмін і згадваеце пра яго, рэклямуючы наш новы Ютуб-канал «Гісторыя на Свабодзе». Што вы маеце на ўвазе?

— Гэта толькі на першы погляд здаецца, што ва Ўкраіне ваююць ракетамі і снарадамі. Але калі мы паглядзім на ідэалягічнае забесьпячэньне гэтай вайны, то ўбачым, што яна суправаджаецца прапагандысцкімі гістарычнымі клішэ, і што Расея страляе ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі.

І, калі задумацца, дык і Ўкраіна таксама бароніцца ня толькі зброяй, але і сваёй гістарычнай праўдай, сваім разуменьнем гісторыі.

Бо якраз у процістаяньні дзьвюх нацый, двух народаў удзельнічаюць і іх гістарычныя аргумэнты.

«Вайну гісторыяў» пачала Расея. Гэтая краіна раптам ідэалягічна скочыла ў ХІХ стагодзьдзе. У расейскай прапагандзе зьявіліся міты ХІХ стагодзьдзя пра «трыадзіны народ», зноў пачалі казаць пра адсутнасьць украінскай і беларускай моваў, пра зьяўленьне Ўкраінскага народу ў выніку інтрыг ці то аўстрыйцаў, ці то палякаў.

І самае галоўнае, што гэта ж усё няпраўда. Навука за апошнія 150 гадоў зрабіла вялікі прагрэс. Разьвіваліся лінгвістыка, этналінгвістыка, фальклярыстыка, розныя галіны гістарычнай навукі. Раптам гэта ўсё адкідаецца, і Расея спрабуе ня толькі сябе, але і ўсіх нас, усю Эўропу, нават сьвет, вярнуць у ХІХ стагодзьдзе.

— Я чытаў вашу гутарку з гісторыкам Паўлам Церашковічам. Ён казаў, што артыкул Ўладзіміра Пуціна «Аб гістарычным адзінстве расейцаў і ўкраінцаў» напісаны добрымі гісторыкамі, але не патлумачыў сваю думку. Што ён меў на ўвазе?

— Там прыведзеныя некаторыя сапраўды цікавыя гістарычныя факты. Напрыклад аўтары артыкулу, калі хочуць падкрэсьліць трагедыю «рускага народу», нагадваюць, што на Куліковым полі на баку Дзьмітрыя Данскога ваявалі два сыны вялікага князя Альгерда, але разам з тым на дапамогу хану Мамаю ішло войска на чале з князем Ягайлам. Ёсьць там і шмат іншых гістарычных фактаў.

Праблема ў тым, што яны, па-першае, сабраныя пуцінскімі гісторыкамі аднабакова і тэндэнцыйна. І па-другое, ці ёсьць сёньня сэнс апэляваць да таго, што была 600 або 400 гадоў назад? Напрыклад, там прыводзіцца сьведчаньне з пачатку XVII стагодзьдзя аб тым, што, маўляў, «руская мова» і ВКЛ, і ў Вялікім Княстве Маскоўскім адна і тая ж. Ну і што з таго, што 400 гадоў назад мова была адна? Гэта няпраўда, мовы былі розныя. Але нават калі б гэта было праўда, што яна дае сёньня? Прайшоў час, прайшло 400 гадоў, народы разьвіваліся этнічна і нацыянальна, нацыі ўзьніклі.

Так што артыкул гэты слабы. Але, на жаль, я не пачуў грунтоўнага адказу на яго з боку тых жа ўкраінскіх гісторыкаў, так, каб па пунктах адказалі на яго. Не было адказу і ад беларускіх гісторыкаў, не было і на Захадзе.

— Сяргей, а як заходнія гісторыкі глядзяць на прадмет гэтай спрэчкі паміж расейцамі з аднаго боку і беларусамі і ўкраінцамі — зь іншага?

— На Захадзе, на жаль, пануе расейскі погляд на гэтую праблему.

— А Снайдэр?

— Снайдэр хутчэй выключэньне. Бяда ў тым, што створаныя ў другой палове ХХ стагодзьдзя па ўсім сьвеце катэдры славістыкі — гэта найперш катэдры «русістыкі». Я лічу іх супрацоўнікаў добраахвотнымі амбасадарамі Расеі ў сваіх грамадзтвах. Гэта вялікая праблема. У такіх краінах, як Францыя, Нямеччына, нават Чэхія, дзе мы цяпер знаходзімся, на катэдрах славістыкі пануюць расейскія стэрэатыпы.

Вось вы згадалі пра амэрыканскага гісторыка Тымаці Снайдэра, які актыўна абараняе Ўкраіну. Але ёсьць і шмат іншых гісторыкаў. Мне часам здаецца, што тыя катэдры славістыкі некалі ствараліся не без удзелу Савецкага Саюзу, які, фактычна, быў новай формай Расейскай імпэрыі, і яго спэцслужбаў. Бо інакш цяжка патлумачыць, чаму многія навукоўцы па ўсім сьвеце лічаць, што беларусы і ўкраінцы — гэта нейкія непаўнавартасныя адгалінаваньні расейцаў.

Вось вам прыклад. У 1956 годзе ў Гарвардзкім унівэрсытэце прафэсар-філёляг расейскага паходжаньня Мікалай Вакар выдаў па-ангельску гісторыю Беларусі — «Belorussia. The Making of a Nation» (Беларусь. Стварэньне нацыі). Гэта была, фактычна, першая гісторыя Беларусі. Кніга жахлівая. Вакар знаходзіцца пад уплывам заходнерускіх мітаў аб тым, што беларусы — неадукаваныя, забітыя і з калтуном у галаве, вельмі адмоўна ставіцца да беларускага нацыянальнага руху, скажае гісторыю Ўсебеларускага зьезду 1917 году, вынікам якога стала абвяшчэньне БНР, скажае гісторыю беларусізацыі 1920-х гадоў — піша, што ў БССР была цалкам забароненая расейская мова і нават беларускія дыялекты.

Чаму я пра гэта кажу? Таму што ў 2013 і 2014 годзе Гарвардзкі ўнівэрсытэт у ЗША двойчы перавыдаў электронныя вэрсіі гэтай кнігі...

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах:

Як перамагчы ў «вайне гісторыяў»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:21:25 0:00
Наўпроставы лінк

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG