CNN не называе імёнаў тых, з кім размаўлялі журналісты, зь меркаваньняў іх бясьпекі. Падкрэсьліваецца, што размова ішла ў прысутнасьці ўкраінскіх вайскоўцаў.
Сьцьвярджаецца, што расейцы былі ўзятыя ў палон у канцы мінулага году. Абодва раней адбывалі працяглыя турэмныя тэрміны, адзін зь іх — 20 гадоў пазбаўленьня волі за забойства.
Палонныя апісалі наступленьне на Белагораўку ў Луганскай вобласьці. Паводле іх, з 90 чалавек, якія былі ў іх атрадзе, пад артылерыйскім агнём загінулі 60. Па словах байцоў «ЧВК Вагнера», вялікія страты не зьяўляюцца перашкодай для працягу наступленьня: «Калі адна з груп не дабіваецца посьпеху, наперад ідзе наступная. Калі і яна правальваецца, наперад пасылаюць трэцюю».
Сьцьвярджаецца, што тых, хто адступіў, ня выканаўшы задачу, расстрэльваюць на месцы. Адзін з суразмоўцаў CNN распавёў пра выпадак, калі быў расстраляны баец, які адмовіўся ісьці ў атаку: яго прымусілі вырыць сабе магілу. Пры гэтым, як сьцьвярджаюць палонныя, не забясьпечана эвакуацыя параненых з поля бою, яны павінны самі неяк дабірацца да сваіх.
Палонныя заявілі, што ў калёніі і вэрбаваў асабіста заснавальнік «ЧВК Вагнера» Яўген Прыгожын, абяцаючы памілаваньне і зьняцьце судзімасьці пасьля 6 месяцаў баёў, а таксама грашовую ўзнагароду і выплату крэдытаў.
Таксама, па словах суразмоўцаў CNN, ім было сказана, што яны будуць змагацца з наймітамі з краін Захаду, у прыватнасьці Польшчы і Нямеччыны, бо ўкраінскае войска нібыта зьбегла.
Прыгожын ці іншыя прадстаўнікі «ЧВК Вагнера» пакуль не камэнтавалі інтэрвію.