Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьнізілі патрабаваньні да стану здароўя прызыўнікоў


Міністэрства абароны і Міністэрства аховы здароўя Беларусі сумеснай пастановай № 1/10 ад 18 студзеня абнавілі інструкцыю аб вызначэньні патрабаваньняў да стану здароўя грамадзян, зьвязаных з воінскім абавязкам.

Дакумэнт апублікавалі 4 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Ён набывае сілу пасьля апублікаваньня.

Так, сярод іншага, прыдатнымі да вайсковай службы цяпер будуць прызнаваць тых, у каго дыягнаставалі блізарукасьць любога вока ў адным з мэрыдыянаў больш за 6,0 дыёптрыяў і да 8,0 дыёптрыяў, артэрыяльную гіпэртэнзію I ці II ступені без паразы органаў-мішэняў ці АКС, гемарой без выпадзеньня вузлоў, некаторыя ступені плоскаступнёвасьці і іншыя дэфармацыі стопаў. Раней такіх грамадзян прызнавалі непрыдатнымі да вайсковай службы ў мірны час і абмежавана прыдатнымі — ў ваенны час.

Удакладненьні па ступені прыдатнасьці таксама закранулі прызыўнікоў зь некаторымі захворваньнямі эндакрыннай сыстэмы, разладамі харчаваньня, захворваньнямі нэрвовай сыстэмы і сардэчных хваробаў, хваробы скуры, хрыбетніка і інш.

Непрыдатнымі да вайсковай службы ў сілах спэцыяльных апэрацый прызнаюць грамадзян з масай цела больш за 100 кг (раней непрыдатнымі прызнавалі пры вазе больш за 90 кг).

У новай рэдакцыі зацьвердзілі паказчыкі прызначэньня пры праходжаньні вайсковай службы, у тым ліку па кантракце і пры паступленьні ў вайсковыя навучальныя ўстановы.

Папярэдні раз патрабаваньні да стану здароўя прызыўнікоў у Беларусі мянялі ў лютым 2020 году. Мінабароны тады сьцьвярджала, што патрабаваньні да здароўя толькі «ўдакладнілі», але экспэрты казалі, што зьмены кардынальныя і тычацца ў асноўным тых пунктаў, якія найбольш часта станавіліся прычынай прызнаньня прызыўнікоў непрыдатнымі да службы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG