Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская пра новы суд над зьняволеным мужам: «Сяргей ня будзе баяцца ручных „судзьдзяў“ і „пракурораў“»


Палітвязень Сяргей Ціханоўскі. Архіўнае фота
Палітвязень Сяргей Ціханоўскі. Архіўнае фота

Нягледзячы на вялікі тэрмін зьняволеньня, палітвязьню і мужу апазыцыйнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай выставілі новае абвінавачаньне.

Палітвязьня Сяргея Ціханоўскага, які адбывае 18 гадоў пазбаўленьня волі, будуць судзіць паводле артыкулу аб злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі. Працэс пачнецца 14 лютага.

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская выступіла з заявай наконт гэтага суду:

«Адно з самых злосных парушэньняў у турмах рэжыму — гэта не падпарадкоўвацца, не баяцца, не ператварацца ў шэрасьць, не хавацца за сьпінамі іншых. За гэта рэжым прызначыў майму мужу Сяргею чарговы „суд“. Магчыма, яны праўда лічаць, што змогуць такім чынам утаймаваць яго і зрабіць падобным на сябе.

Ну дык я адразу скажу: гэтага не атрымаецца. Сяргей не перастане быць такім, якім ён зьяўляецца. Ён не перастане быць харызматычным і разумным лідэрам, колькі б яшчэ гадоў вы яму ні намалявалі. І ён ня будзе баяцца вас і вашых ручных „судзьдзяў“, „пракурораў“ і іншых турэмнікаў», — адзначыла Сьвятлана.

Паводле сілавікоў, Сяргей нібыта «падчас адбыцьця пакараньня сыстэматычна дапускаў непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы, правакаваў канфлікты, у тым ліку з сукамэрнікамі. За гэта неаднаразова меў спагнаньні».

Дзеяньні Ціханоўскага кваліфікаваныя паводле ч. 2 арт. 411 (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі, учыненае асобай, асуджанай за цяжкае і асабліва цяжкае злачынства) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

З інфармацыі праваабаронцаў вынікае, што за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы» ўжо асудзілі ня менш за 15 палітвязьняў.

Затрыманьне Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG