САЗ адмовілася прызнаць пандэмію скончанай: за ёй па-ранейшаму захоўваецца статус надзвычайнай сытуацыі міжнароднага значэньня.
14-е пасяджэньне экстранага камітэту САЗ па COVID-19 было прымеркаванае да трэцяй гадавіны пандэміі: яна была абвешчаная глябальнай пагрозай 30 студзеня 2020 году. На пасяджэньні абмяркоўвалася, ці трэба абвясьціць аб завяршэньні пандэміі.
Аднак, адзначыўшы выдатныя посьпехі ў барацьбе з захворваньнем, чальцы камітэту пастанавілі, што гаварыць аб заканчэньні пандэміі рана. На гэта паўплываў, у прыватнасьці, нядаўні буйны ўсплёск COVID-19 у Кітаі, які здарыўся пасьля таго, як краіна адмяніла большасьць карантынных захадаў.
Першыя паведамленьні пра захворваньні на новую вірусную інфэкцыю зьявіліся ў Кітаі ў сьнежні 2019 году. Вірус хутка распаўсюдзіўся па ўсіх краінах сьвету. За мінулыя тры гады на COVID-19 захварэла больш за 670 мільёнаў чалавек; 6,8 мільёна памерлі. Вакцынаваныя на сёньняшні дзень 5 мільярдаў жыхароў Зямлі.