Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 27 студзеня: яшчэ аднаго беларуса затрымалі за размову ў чат-рулетцы; 2 гады калёніі за камэнтар у справе Зельцара


Менскі гарадзкі суд. Архіўнае фота
Менскі гарадзкі суд. Архіўнае фота

Рэпрэсіі супраць беларусаў працягваюцца.

Праваабаронцам стала вядомае імя яшчэ адной ахвяры так званага «чат-рулетчыка» Юрыя Комара. Ім стаў жыхар Рагачова Дзьмітры Лагуценка. Падчас размовы ён папрасіў ва ўкраінцаў зброю, а на пытаньне Комара «Будзеш валіць ябацек?» адказаў «Так».

Дзьмітрыя затрымалі разам зь сябрам — ім на галаву надзелі бел-чырвона-белыя сьцягі, а пасьля прымусілі мыць імі падлогу.

Гэта ўжо ня першае затрыманьне пасьля Комаравых правакацый у чат-рулетцы. Раней праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманьні асьпіранта МДУ імя Куляшова Віталя Палавінскага, 18-гадовага студэнта Інстытуту бізнэсу БДУ Данілы Гомана, Вадзіма Шафранскага і Віталя Лобача.

Пакуль няма інфармацыі, што менавіта пагражае ўсім затрыманым.

  • 41-гадовы Комар прапісаны ў Мазыры, працуе дальнабойнікам. Як пісала «Наша ніва» на пачатку 2023 году, пасьля правакацый Комара затрымалі і пабілі ўжо чатырох чалавек, на ўсіх завялі крымінальныя справы. Цяпер затрыманых стала яшчэ больш.

Яшчэ адзін прысуд за камэнтар у «справе Зельцара»

Менскі гарадзкі суд разгледзеў справу 38-гадовага палітзьняволенага Сяргея Бушыка. Яго абвінавацілі ў распальваньні варожасьці па ч.1 арт. 130 і ў абразе прадстаўніка ўлады па арт. 369 Крымінальнага кодэксу за камэнтар у інтэрнэце пасьля гібелі ў перастрэлцы ў Менску супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка і ІТ-спэцыяліста Андрэя Зельцара.

Судзьдзя Сьвятлана Чарапанава прысудзіла Бушыку два гады калёніі агульнага рэжыму.

Інцыдэнт зь Зельцарам адбыўся 28 верасьня 2021 году. У КДБ тады паведамілі, што ў Менску падчас рэйду быў сьмяротна паранены супрацоўнік ведамства. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі жыхара кватэры. Пазьней стала вядома, што ім аказаўся Андрэй Зельцар, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems. За камэнтары ў сацсетках у «справе Зельцара» затрымалі ўжо каля 200 чалавек.

У Магілёве сілавікі затрымалі за нэгатыўныя камэнтары супрацоўніка абласнога архіву

Супрацоўнік архіву Магілёўскай вобласьці затрыманы сілавікамі. Інфармацыя пра гэта зьявілася 27 студзеня ў набліжаным да ГУБАЗіК тэлеграм-канале, заўважыла «Зеркало».

На камэру мужчыну прымусілі расказаць, што ён супрацоўнік дзяржаўнай установы, і прызнацца, што ў 2021 годзе ён «уступіў у забароненае экстрэмісцкае фармаваньне». Пры гэтым у роліку паказалі скрыншоты камэнтароў, якія нібыта пакінуў затрыманы. Мяркуючы па тэксьце, ён нэгатыўна выказваўся ў адрас сілавікоў і праўладных спартоўцаў.

Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд журналісту Любенчуку

Вярхоўны суд разгледзеў апэляцыю журналіста Аляксандра Любенчука і пакінуў прысуд у сіле. Неўзабаве Любенчука перавядуць у папраўчую калёнію, паведамляе БАЖ.

Аляксандра Любенчука затрымалі ў траўні 2022 году. У кастрычніку яго прыгаварылі да 3 гадоў калёніі па артыкуле аб удзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні. Нагодай для перасьледу паслужыла супрацоўніцтва Аляксандра зь незалежнымі СМІ.

У «сьпіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 20 чалавек — цяпер у ім 2370

27 студзеня МУС чарговы раз абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».

Акрамя іншых, у сьпіс дадалі мужа і жонку Дзяніса і Сьвятлану Шарамецьевых, старшыню незалежнага прафсаюзу на «МАЗ» Арцёма Жэрнака, а таксама дзьвюх грамадзянак Расеі — Кацярыну Глінскую і Алену Яфрэменку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG