Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар выдавецтва «Беларускі кнігазбор» паведаміў пра яго закрыцьцё


 Генадзь Вінярскі
Генадзь Вінярскі

Дырэктар выдавецтва «Беларускі кнігазбор» Генадзь Вінярскі напісаў у Фэйсбуку, што 26 студзеня здаў у Міністэрства інфармацыі пасьведчаньне выдаўца.

«Вось і скончылася мая эпапэя выдаўца. 27 гадоў працы, каля 3 тысяч найменьняў кніг, прэзэнтацыі, выставы... Сёньня здаў у Міністэрства інфармацыі пасьведчаньне выдаўца. У хуткім часе пачнем працэс ліквідацыі ПУП „Кнігазбор“, таму купляйце ў кнігарнях кнігі нашага выдавецтва, пакуль яны ёсьць».

Таксама Генадзь Вінярскі напісаў, што інтэрвію і камэнтары з нагоды закрыцьця выдавецтва даваць ня будзе.

22 студзеня стала вядома, што Міністэрства інфармацыі на адзін месяц прыпыніла дзейнасьць незалежнага выдавецтва «Кнігазбор».

Як паведамлялася ў тэлеграм-канале Мінінфарму, прычына — «парушэньне тэрмінаў звароту ў Міністэрства інфармацыі з апавяшчэньнем аб зьмене зьвестак, якія падлягаюць уключэньню ў Дзяржаўны рэестар выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюднікаў друкаваных выданьняў».

Выдавецтва «Кнігазбор» было зарэгістраванае ў 2006 годзе, дырэктарам быў Генадзь Вінярскі, галоўным рэдактарам — Кастусь Цьвірка.

  • У студзені 2021 году Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю забраў тэхніку і заблякаваў рахунак выдавецтва, аднак ужо ў чэрвені выдавецтва атрымала паведамленьне пра магчымасьць ізноў карыстацца банкаўскім рахункам.
  • У кастрычніку 2022 году сетка дзяржаўных кнігарняў «Белкніга» разарвала дамовы з выдавецтвамі «Янушкевіч», «Кнігазбор» і «Галіяфы», якія друкуюць кнігі на беларускай мове.
  • 8 чэрвеня 2022 году рахункі незалежных выдавецтваў «Кнігазбор» і «Янушкевіч», арыштаваныя ў студзені, былі разблякаваныя.
  • Кіраўнікі абодвух выдавецтваў Генадзь Вінярскі і Андрэй Янушкевіч былі фігурантамі крымінальнай справы аб гаспадарчай дзейнасьці і знаходзіліся пад падпіскай аб неразгалошваньні зьвестак. 17 ліпеня справы супраць іх былі спыненыя.
  • 13 студзеня 2022 году Генадзя Вінярскага затрымлівалі супрацоўнікі Аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (АБЭЗ).
  • У траўні пасьля ператрусу ў кнігарні «Кнігаўка» быў затрыманы і адседзеў 28 дзён дырэктар выдавецтва «Янушкевіч» Андрэй Янушкевіч. Разам зь Янушкевічам затрымлівалі супрацоўніцу кнігарні Насту Карнацкую, якая правяла ў турме на Акрэсьціна 23 дні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG