Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісту Свабоды Ігару Лосіку дазволілі перапісвацца з жонкай Дар’яй


Дар'я і Ігар Лосік
Дар'я і Ігар Лосік

Ігар Лосік, якому ў сьнежні 2021 году прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня, адбывае пакараньне ў Наваполацкай калёніі №1. Ягоную жонку Дар’ю Лосік затрымалі 18 кастрычніка 2022 году, завялі крымінальную справу і зьмясьцілі ў СІЗА Берасьця. Ігар з Дашай не маглі перапісвацца — ліставаньне паміж зьняволенымі да прысуду забароненае.

18 студзеня Дар’і Лосік прысудзілі 2 гады пазбаўленьня волі за камэнтар тэлеканалу «Белсат», прызнанаму экстрэмісцкім фармаваньнем. Пасьля прысуду адміністрацыя Наваполацкай калёніі дазволіла Ігару ліставацца з жонкай. Ён напісаў Дашы ўжо 6 лістоў. Але пакуль невядома, ці дазволілі перапіску Дашы, якая дагэтуль застаецца ў берасьцейскім СІЗА.

У пары ёсьць чатырохгадовая дачка Паўлінка, якой цяпер апякуюцца па чарзе бацькі Ігара і Дашы. Дзяўчынка нядаўна пайшла ў дзіцячы садок. Яна вельмі сумуе па бацьках.

У Ігара ў мінулыя выходныя памёр дзядуля, тата ягонай матулі. У аўторак дзядулю пахавалі.

У лютым Ігару можна будзе перадаць вялікую харчовую перадачу (якая дазволена 1 раз на 3 месяцы). У сакавіку родныя зьбіраюцца на спатканьне зь ім (палітвязьням доўгатэрміновыя спатканьні даюць на адны суткі, а не на двое, як звычайным зьняволеным).

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG