Суд Ленінскага раёну Менску 21 сьнежня пакараў тэрмінам 2,5 года «хатняй хіміі» інваліда ІІ групы Алену Клімовіч за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзеле у іх» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
Справу разглядала судзьдзя Юля Шчоткіна, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».
Паводле абвінавачаньня Алена Клімовіч ад жніўня па верасень 2020 году двойчы удзельнічала ў «несанкцыянаваных масавых акцыях» у Менску. Пры гэтым выкарыстоўвала ў якасьці пратэставай сымболікі паветраны балёнік чырвонага колеру і бел-чырвона-белы сьцяг.
Алену Клімовіч затрымалі 1 чэрвеня 2022 году на тры дні, пазьней выпусьцілі з падпіскай аб нявыезьдзе і належных паводзінах. Сваю віну ў судзе жанчына прызнала цалкам.