20 студзеня ў Вярхоўным судзе разглядалі апэляцыю на прысуд Мікалаю Брэдзелеву. У выніку вырак пакінулі бязь зьменаў. За кратамі Мікалая трымаюць з 10 сьнежня 2021 году.
Праваабаронцам вядома, што сілавікі білі яго пасьля затрыманьня. На праўладных каналах тады зьявілася «пакаяльнае» відэа зь Мікалаем, дзе паведамлялася, што ён нібыта «зьліваў» інфармацыю блогеру Антону Матольку. Характар інфармацыі невядомы. У кампаніі заявілі, што Мікалай ня меў доступу да зьвестак кліентаў.
Справу Мікалая Брэдзелева разглядалі ў закрытым рэжыме.
Брэдзелева судзілі паводле двух артыкулаў КК: ч. 2 арт. 424 («злоўжываньне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі») і арт. 361-2 («фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня»).
Паводле часткі 2 артыкулу 424 КК Брэдзелеў апраўданы празь недаказанасьць удзелу ў злачынстве, паведамляе Sb.by.
Паводле артыкулу 361-2 КК за тое, што Брэдзелеў нібыта даваў грашовыя сродкі для «экстрэмісцкага фармаваньня» шляхам пералічэньня іх блогеру Антону Матольку, судзьдзя Алена Ананіч прысудзіла яму 4 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.
Антон Матолька пасьля вынясеньня выраку назваў гэтую інфармацыю хлусьлівай, бо ніякіх грошай Брэдзелеў яму не пералічваў.