42-гадовая Джасында Ардэрн раптам заявіла аб адстаўцы пасьля шасьці гадоў на пасадзе прэмʼер-міністра Новай Зэляндыі. Па словах палітыка, у яе больш няма сіл кіраваць краінай, паведамляе Deutsche Welle.
Падчас прэсавай канферэнцыі Джасында Ардэрн прызналася, што шэсць гадоў у якасьці прэмʼер-міністра былі цяжкім часам для яе. Яна ня бачыць сэнсу больш заставацца на пасадзе і вылучаць сваю кандыдатуру на новых выбарах:
«Я ведаю, што палітыкі — людзі. Мы робім усё, што можам, пакуль мы можам. А потым прыходзіць час. І для мяне ён прыйшоў», — сказала Ардэрн.
За той час, што Джасында Ардэрн займала пасаду прэмʼер-міністра, Новая Зэляндыя перажыла тэракты ў Крайстчэрчы, землятрусы, палітычныя і эканамічныя крызісы і пандэмію каранавірусу. Па словах Ардэрн, яна сыходзіць не таму, што праца цяжкая для яе, а таму, што «іншыя на гэтай пасадзе змогуць дабіцца большага». 42-гадовая кіраўніца ўраду расказала, што плянуе прысьвяціць час сваёй чатырохгадовай дачцэ і выйсьці замуж за свайго шматгадовага партнэра Кларка Гэйфарда.
Заява аб адстаўцы Джасынды Ардэрн стала нечаканасьцю для жыхароў Новай Зэляндыі. Паводле апытаньняў, большасьць выбарнікаў па-ранейшаму хацелі б бачыць менавіта яе на чале ўраду. 22 студзеня кіроўная лейбарысцкая партыя Новай Зэландыі выбера новага лідэра, які таксама будзе займаць пасаду прэмʼер-міністра да наступных усеагульных выбараў 14 кастрычніка.