Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Фіксаваліся факты ўезду агентаў КДБ». Літоўскія спэцслужбы засьцерагаюць грамадзян ад паездак у Беларусь


Дарус Яўнішкіс
Дарус Яўнішкіс

Некаторыя літоўскія грамадзяне наведваюць Беларусь па «бязьвізе», арганізаваным рэжымам Лукашэнкі. Але спэцслужбы краіны папярэджваюць, што рабіць гэта небясьпечна, існуе рызыка трапіць у рукі беларускай або расейскай выведкі.

Кіраўнік Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы Дарус Яўнішкіс адзначыў, што праз вайну ва Ўкраіне сытуацыя абвастрылася. Пры гэтым краіны Эўропы пачалі ачышчацца ад агентаў расейскай выведкі, адзначыў ён у інтэрвію Delfi.

«Беларускі КДБ працуе вельмі інтэнсіўна, як і расейскія спэцслужбы ў сябе. Я маю на ўвазе, што людзі, якія перасякаюць мяжу і едуць у гэтыя краіны па танныя паліва, цыгарэты ці яшчэ па нешта, аўтаматычна аказваюцца ў зоне рызыкі. Ёсьць факты вэрбоўкі людзей, у іх пытаюцца, напрыклад, пра палітычную сытуацыю ў Літве, іх працу, адукацыю, хто яны. Зьбіраюць інфармацыю, палохаюць, каб атрымаць інфармацыю».

Ён падкрэсьліў, што людзі не павінны думаць, што яны не ўяўляюць цікавасьці для іншых спэцслужбаў.

«Усе мы ўяўляем цікавасьць. Кожны чалавек мае пэўную інфармацыю, носіць яе ў сябе ў галаве — ён дзесьці працуе, мае нейкую інфармацыю, у яго ёсьць калегі, сябры, блізкія. Іх цікавіць любая інфармацыя. Яны могуць стварыць сытуацыю. Расейскія і беларускія спэцслужбы славяцца тым, што падсоўваюць табе мадэль злачынства і потым абвінавачваюць, кажуць: калі хочаш вярнуцца дадому, а не сядзець у турме 10 гадоў, павінен супрацоўнічаць. Гэта адзін з простых прыкладаў. У людзей ёсьць слабасьці: або запіваюць, або губляюць памяць. Потым лёгка змадэляваць нейкую сытуацыю», — сказаў Яўнішкіс.

Паводле яго слоў, змадэляваныя спэцслужбамі сытуацыі могуць быць самыя розныя — напрыклад, бойка або ДТЗ.

Таксама Дарус Яўнішкіс сказаў, што Літва ня можа проста так давяраць грамадзянам Беларусі, як і Расеі, якія прыяжджаюць у Літву. Сярод сапраўдных змагароў зь недэмакратычнымі рэжымамі з гэтых краін прыяжджаюць і людзі, якія ўяўляюць небясьпеку.

Паводле яго, было ўжо шмат выпадкаў, «не адзін, ня два і ня тры», калі ў Літву прыяжджалі людзі, завэрбаваныя беларускімі ці расейскімі спэцслужбамі. У прыватнасьці, Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі «фіксаваў факты ўезду агентаў беларускага КДБ, завэрбаваных людзей».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG