Журналіст Андрэй Аляксандраў сустрэўся з бацькам і даслаў натхняльную паштоўку з-за кратаў
«Мне здаецца, што я гатовы да наступнага этапу і матэрыяльна, і маральна. У мяне няма ніякага страху, хваляваньня ці трывог. Я ў парадку, здаровы, спакойны — і вам таго ж шчыра жадаю. Усё будзе добра... Усім сябрам і знаёмым палымяныя прывітаньні і найлепшыя пажаданьні», — напісаў Андрэй Аляксандраў у адным з апошніх лістоў.
На яго перакананьне, «пекла людзі сабе прыдумляюць самі, накручваючы сябе залішнімі перажываньнямі і прыдумляючы сабе нешта».
«Добрыя людзі ёсьць усюды. А цяпер такі пэрыяд, што па наш бок плота іх шмат. Мне ў асноўным сустракаюцца такія», — зазначыў журналіст.
Сваёй жонцы Ірыне Злобінай ён пасылае «тэлепатычныя прамяні каханьня і падтрымкі».
На днях у Аляксандрава было спатканьне з бацькам.
«Мяне сустрэла стрыжаная амаль пад нуль схуднелая фізіяномія, якая, аднак, выпраменьвала энэргію. Я атрымаў зарад бадзёрасьці і ўпэўненасьці. А я ж ехаў падтрымаць сына», — паведаміў BPN Валер Аляксандраў.
Паводле інфармацыі BPN, Ірына Злобіна адчувае сябе бадзёра, поўная плянаў на будучыню, лічыць сваё жыцьцё займальным падарожжам і вельмі сумуе па мужу.
12 студзеня споўнілася два гады з моманту затрыманьня мэдыямэнэджара, былога намесьніка дырэктара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Андрэя Аляксандрава і яго сяброўкі (з траўня мінулага году — жонкі) Ірыны Злобінай.
- 6 кастрычніка 2022 году Менскі абласны суд (судзьдзя Вячаслаў Тулейка, унесены ў санкцыйныя сьпісы дэмакратычных краін Захаду) пакараў Аляксандрава 14 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму, Злобіну — 9 гадамі калёніі агульнага рэжыму. Аляксандрава аштрафавалі таксама на 1000 базавых велічыняў (32 000 рублёў), Злобіну — на 800 (25 600).
- 6 студзеня Вярхоўны суд пакінуў прысуд палітвязьням бязь зьмен. Цяпер Аляксандрава і Злобіну чакае перавод зь СІЗА ў калёніі.
Палітвязьню не перадаюць лекаў
60-гадоваму вязьню ў гомельскім СІЗА-3 не перадаюць лекаў і не выдаюць дазволу на іх атрыманьне, піша «Гомельская вясна».
Гомельскага барда Аляксея Ільінчыка затрымалі ў жніўні 2022 і зьмясьцілі ў СІЗА-3, дзе трымаюць дагэтуль. За што дакладна затрымалі барда — невядома, бо мужчына мае толькі дзяржаўнага адваката, які ні з кім з блізкіх і знаёмых не кантактуе. Імаверныя артыкулы, паводле якіх падазраюць Аляксея — арт. 130 КК (распальваньне варожасьці), арт. 363 (супраціў пры затрыманьні), 369 (абраза прадстаўніка ўлады).
Праваабаронцы кажуць, што цяпер Ільінчык у санчастцы, дзе для яго не прымаюць мэдыцынскія прэпараты і нават не даюць дазвол на іх атрыманьне. Адміністрацыя СІЗА тлумачыць гэта тым, што, нібыта, усе неабходныя прэпараты для яго лячэньня ёсьць і дапамогу аказваюць.