Пандэмія каранавірусу ў Беларусі падышла да канца, аднак гэта не падстава расслабляцца ні жыхарам краіны, ні супрацоўнікам сфэры аховы здароўя, заявіў міністар здароўя Дзьмітры Піневіч, якога цытуе БелТА.
«Сёньня мы гаворым пра ўрокі пандэміі. Пандэмія нас навучыла крыху іншаму фармату абмену інфармацыяй, працы. Яна падышла да канца, але расслабляцца нельга. Бо мы прыйшлі ў эпоху вірусаў», — адзначыў ён.
Паводле міністра, ва ўмовах цяперашняй эпідэмічнай сытуацыі прасочваецца «трыдэмія»:
«Гэта працэс, калі захоўваецца каранавірус на вельмі нізкай актыўнасьці, ёсьць праблема вірусу грыпу і рэспіраторных вірусаў. Усё гэта сфарміравала тую клінічную і эпідэмічную карціну, якую цяпер бачым: хварэюць у асноўным дзеці, пажылыя людзі», — расказаў ён.
Як сказаў міністар здароўя, бягучая эпідэміяная сытуацыя ў краіне захаваецца да лютага.
«Рэкамэндацыі такія ж, як і ў любы асеньне-зімні пэрыяд: у мэдустановах насіць маскі, праветрываць памяшканьні, займацца актыўным ладам жыцьця», — сказаў Дзьмітры Піневіч.