У МЗС Польшчы адзначылі, што ўлады ў Беларусі вядуць змаганьне супраць нацыянальнай мовы, а здушэньне беларускай азначае прыніжэньне годнасьці беларусаў. Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у справе нацыянальнага адраджэньня Аліна Коўшык заявіла, што рэжыму непатрэбныя людзі, якія думаюць, і гэта адна з прычын, чаму ён далей спрабуе рэпрэсаваць людзей, у тым ліку за беларускую мову, выціскаючы яе таксама са школаў.
Прэзыдэнт Цэнтру беларускай салідарнасьці Ўладзіслаў Кобец адзначыў, што дзякуючы польскаму МЗС беларускія выдаўцы мелі сваё месца на кірмашы гістарычнай кнігі, дзе маглі папулярызаваць беларускую літаратуру.
Выдавец Андрэй Янушкевіч паведаміў, што з-за пагроз вымушаны быў спыніць сваю дзейнасьць у Беларусі, а іншыя выдаўцы знаходзіліся за кратамі. Выпуск беларускіх кніг непатрэбны рэжыму Лукашэнкі.
У відэа адзначаецца, што ўлады, з-за дзеяньняў якіх многія беларусы былі змушаныя пакінуць радзіму, падтрымліваюць расейскую мову і надалей выціскаюць беларускую. Па сфабрыкаваных абвінавачаньнях судзяць ляўрэата Нобэлеўскай прэміі Алеся Бяляцкага, праваабаронцу, які ў тым ліку змагаецца за правы беларускай мовы.