Узброеныя сілы Ўкраіны (УСУ) упершыню ў гісторыі ўвайшлі ў топ-15 рэйтынгу войскаў сьвету, які складаецца экспэртамі кампаніі Global Firepower (GFP).
Год таму армія Ўкраіны займала ў рэйтынгу 22-е месца. Сёлета УСУ абышлі арміі Ірану, Ізраілю, Аўстраліі, Саудаўскай Арабіі, Гішпаніі, Тайваня і Нямеччыны, адзначае РБК.
«Украіна палепшыла свой індэкс GFP за мінулы год як вынік свайго адпору Расеі, фінансавай і матэрыяльнай падтрымкі з боку Захаду і ўвядзеньня новых ключавых парамэтраў», — гаворыцца ў камэнтарах экспэртаў кампаніі.
Беларусь у сёлетнім рэйтынгу GFP займае 60-е месца, паводле моцы войска яна паміж Марока і Баўгарыяй. У 2019 годзе беларускае войска займала 39-е месца ў рэйтынгу GFP, у 2021 годзе — 50-е.
Сьпіс наймацнейшых армій сьвету GFP складае штогод, пачынаючы з 2006 году. Прадстаўленыя ў ім дзяржавы (у цяперашняй рэдакцыі рэйтынгу іх 145) ранжыруюцца зыходзячы з дадзеных пра колькасьць узброеных сілаў, іх аснашчэньне і падрыхтоўку, патэнцыял абароннай і іншай прамысловасьці, а таксама фінансавыя магчымасьці дзяржавы, запасы карысных выкапняў, плошчу краіны, працягласьць яе межаў, колькасьць дзяржаваў, зь якімі яна мяжуе, і шэраг іншых чыньнікаў. Пры гэтым у залік ідуць толькі канвэнцыйныя ўзбраеньні, без уліку ядзернай зброі.
У рэйтынгу наймацнейшых войскаў Эўропы Ўкраіна паднялася ўжо на чацьвёртае месца.
Армія Расеі ў рэйтынгу GFP засталася на другім месцы, аднак экспэрты папярэдзілі, што скараціўся разрыў паміж ёй і арміяй Кітаю, якая займае трэцяе месца. Кітай, паводле GFP, узмацняе свае пазыцыі дзякуючы прасоўваньню ў ключавых катэгорыях, у той час як распачатая Расеяй вайна прадэманстравала абмежаванасьць яе патэнцыялу.
У топ-15 войскаў краінаў сьвету ўваходзяць:
1. ЗША
2. Расея
3. Кітай
4. Індыя
5. Вялікая Брытанія
6. Паўднёвая Карэя
7. Пакістан
8. Японія
9. Францыя
10. Італія
11. Турэччына
12. Бразылія
13. Інданэзія
14. Эгіпет
15. Украіна.