«Я зьвяртаўся з просьбай паінфармаваць мяне і прадставіць копію абвінаваўчага заключэньня – адказу не атрымаў. Прасіў адваката выйсьці на сувязь – адказу не было. Зрабіў адвод адвакату, паколькі не лічу, што ён можа абараняць мае інтарэсы – адказу не атрымаў. Прапанаваў Zoom як сродак сувязі, каб узяць асабіста ўдзел у гэтым судовым пасяджэньні – адказу не атрымаў», – паведаміў Латушка 3 студзеня на сваім ютуб-канале.
Дэмакратычную лідэрку Сьвятлану Ціханоўскую, Паўла Латушку і іншых фігурантаў справы Каардынацыйнай рады пачнуць судзіць завочна ў рамках «спэцвытворчасьці» 17 студзеня ў Менскім гарадзкім судзе. Іх абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве, масавых беспарадках, стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня, распальваньні варожасьці, змове з мэтай захапіць уладу, закліках да санкцый і г.д.
Па справе таксама праходзяць член Прэзыдыюму КР Вольга Кавалькова, яе калега кіраўнік страйкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі, былая кіраўніца штабу Ціханоўскай Марыя Мароз.
- Аляксандар Лукашэнка ў ліпені падпісаў закон аб зьменах у Крымінальна-працэсуальны кодэкс, якія даюць магчымасьць судзіць беларусаў, што знаходзяцца за мяжой, завочна.
- Па некаторых «завочных» справах ужо вынесьлі прысуды. Напрыклад, трохразовай мэдалістцы Алімпійскіх гульняў Аляксандры Герасімені і спартовааму функцыянэру Аляксандру Апейкіну далі па 12 гадоў калёніі, а таксама арыштавалі маёмасьць.