Праваабаронцам «Вясны» вядома пра ня менш як 55 асуджаных у крымінальным парадку грамадзян, зь якіх 43 мужчыны і 12 жанчын.
У дачыненьні да дваіх грамадзян вынесьлі завочныя абвінаваўчыя прысуды.
«Вясьне» вядома аб адным грамадзяніне, супраць якога крымінальны перасьлед спынены ў сувязі з заканчэньнем тэрмінаў даўнасьці прыцягненьня да адказнасьці.
Сумарна, па вядомых праваабаронцам справах, у сьнежні суды вынесьлі:
- 268 гадоў 3 месяцы пазбаўленьня волі ў дачыненьні да 36 чалавек;
- 5 гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у выпраўленчую ўстанову («хімія») у адносінах да 2 чалавек;
- 39 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія») у дачыненьні да 16 чалавек;
- 3 месяцы арышту для аднаго чалавека;
- 5 тысяч базавых велічынь штрафу на суму 160 тысяч рублёў у якасьці дадатковага пакараньня ў дачыненьні да 16 чалавек разам з пазбаўленьнем (для 15 асуджаных) і абмежаваньнем волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову (для аднаго чалавека);
- прымусовае лячэньне ў дачыненьні да аднаго чалавека разам з пазбаўленьнем волі;
- 5 гадоў пазбаўленьня права займаць пасады, зьвязаныя з праходжаньнем службы ў праваахоўных органах;
Паводле вядомых праваабаронцам прысудаў, у сьнежні суды ўжывалі пакараньне, зьвязанае з пазбаўленьнем волі, у 65,45% выпадкаў. Абмежаваньне волі з накіраваньнем у ПУАТ («хімія») — у 3,64% выпадкаў. Абмежаваньне волі без накіраваньня ў ПУАТ («хатняя хімія») — у 29,1%. Арышт — у 1,81% выпадкаў.
Такім чынам, у сьнежні пакараньне па палітычна матываваных крымінальных справах, зьвязанае з пазбаўленьнем волі, яе абмежаваньнем у выглядзе «хіміі» і «хатняй хіміі» суды ўжывалі ў 100% выпадках асуджэньня фігурантаў палітычна матываваных крымінальных спраў.