Дзень у гісторыі
1667 — быў закрыты Віленскі манэтны двор. З канца XV стагодзьдзя ён быў асноўным цэнтрам манэтнай прамысловасьці Вялікага Княства Літоўскага.
1842 — у дачыненьні да Беларусі ўпершыню быў ужыты расейскі імпэрскі тэрмін «Северо-Западный край». Новае вызначэньне аб’ядноўвала Віленскую, Віцебскую, Гарадзенскую, Ковенскую, Магілёўскую і Менскую губэрні.
1917 — у ноч з 30 на 31 сьнежня ў Менску бальшавікі разагналі Першы Ўсебеларускі зьезд. Менавіта ў гэтую ноч Зьезд прыняў рэзалюцыю аб дзяржаўнай аўтаноміі Беларусі.
1922 — Беларусь уключылі ў склад СССР. І Усесаюзны зьезд саветаў прыняў дэклярацыю і дамову аб утварэньні СССР.
1966 — улады БССР прынялі пастанову аб выданьні «Беларускай савецкай энцыкляпэдыі».
1990 — пачаўся рэгулярны рух цягнікоў па другой лініі Менскага мэтрапалітэну на ўчастку ад станцыі «Трактарны завод» да станцыі «Фрунзэнская».
1992 — Беларусь устанавіла дыпляматычныя дачыненьні зь Літвой.
2004 — Міхаіла Марыніча, былога беларускага міністра і амбасадара, асудзілі на 5 гадоў турмы за нібыта скрадзеныя кампутары.
У гэты дзень нарадзіліся
1865 — Рэдзьярд Кіплінг, ангельскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.
1904 — Зэлік Аксельрод, беларускі габрэйскі паэт, перакладчык беларускай паэзіі на ідыш.
У памяці
1937 — Аляксандар Цьвікевіч, беларускі палітык, гісторык, міністар замежных справаў ва ўрадзе БНР (расстраляны).
1957 — Юры Сабалеўскі, беларускі палітычны дзеяч, пасол на Сэйм Другой Рэчы Паспалітай (1925-1928).