Былыя арыштанты ІЧУ Акрэсьціна распавядаюць праваабаронцам, што за кратамі цяпер шмат затрыманых па фатаздымках з кнігі «Я выхожу». Так, у сьнежні сямейную пару асудзілі за ўдзел у Маршы па фота з гэтай кнігі.
Праваабаронцы «Вясны» са згоды аўтара кнігі апублікавалі PDF-вэрсію кнігі «Я выхожу» і заклікаюць беларусаў праверыць, ці ёсьць яны ці іх знаёмыя на фатаздымках з кнігі.
«Калі вы знаходзіцеся ў Беларусі і фатаздымак з Вамі патрапіў у гэтую кнігу, Вам трэба тэрмінова паклапаціцца пра сваю бясьпеку», — раяць праваабаронцы.
Гэтая кніга была апублікаваная больш за паўтара года таму, у красавіку 2021 года, і распаўсюджвалася за мяжой. Раней аб затрыманьнях па здымках зь яе вядома не было.
Варта адзначыць, што гэтае выданьне далёка не адзіная крыніца матэрыялаў для сілавікоў супраць удзельнікаў пратэстаў. Супрацоўнікі ГУБАЗіК і іншых ведамстваў з 2020 года вывучаюць усе даступныя фота і відэа з пратэстных маршаў у сацыяльных сетках, публікацыях СМІ, тэлеграм-каналах і ідэнтыфікуюць людзей на іх, у тым ліку з дапамогай сыстэмы распазнаньня асобаў Kipod. Гэтай «доказнай базы» аказваецца дастаткова для крымінальных спраў і судоў. Падобным чынам ужо асуджаная вялікая колькасьць беларусаў, многія з іх былі прызнаныя палітычнымі зьняволенымі.