Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і Беларусь ухвалілі стварэньне наднацыянальнага падатковага камітэту


Дзяржаўная Дума Расеі. Ілюстрацыйнае фота
Дзяржаўная Дума Расеі. Ілюстрацыйнае фота

У Менску і Маскве ратыфікавалі дамову «Аб агульных прынцыпах падаткаабкладаньня па ўскосных падатках».

Расея ў адказ на ўніфікацыю зь ёю беларускага падатковага заканадаўства плянуе штомесяц перасылаць Беларусі бюджэтныя трансфэрты.

Пра гэта паведамляе БелТА з паседжаньня Дзяржаўнай Думы Расеі, на якім ратыфікавалі Дамову аб агульных прынцыпах падаткаабкладаньня па ўскосных падатках.

«Што тычыцца перадачы Расеяй Беларусі штомесячных бюджэтных трансфэртаў, то, як адзначалася пры ратыфікацыі ў Дзярждуме, іх сума ацэньваецца ў памеры каля $610 млн штогод», — гаворыцца ў паведамленьні агенцтва.

Дзяржаўная Дума Расеі 21 сьнежня ратыфікавала дамову аб ускосным падаткаабкладаньні. За дзень да таго тое ж зрабіла Палата прадстаўнікоў Беларусі.

Паводле ініцыятараў дамовы, яна прадугледжвае «гарманізацыю» падатковага заканадаўства Беларусі і Расеі ў сфэры падатковага адміністраваньня. У ёй замацоўваюцца памеры мінімальных падатковых ставак, у тым ліку акцызаў, вызначаецца пералік вызваленьняў і льгот па ўскосных падатках.

Дакумэнт таксама вызначае парадак і ўмовы прадастаўленьня міждзяржаўных бюджэтных трансфэртаў для Беларусі.

Ён прадугледжвае таксама стварэньне наднацыянальнага падатковага камітэту, рашэньні якога будуць абавязковымі для бакоў.

Згодна з дакумэнтам, штогод бакі да 1 студзеня наступнага году «прыводзяць сваё падатковае заканадаўства ў адпаведнасьць з палажэньнямі дамовы».

«Наднацыянальны падатковы камітэт, які ствараецца, можа прымаць рашэньне, на падставе якога бакі цягам 18 месяцаў могуць унесьці зьмены ў нацыянальныя заканадаўствы і дамову», — адзначалася ў паведамленьні Палаты прадстаўнікоў.

Згаданую дамову падпісалі 3 кастрычніка ў Маскве міністар фінансаў Юры Селіверстаў і ягоны расейскі калега Антон Сілуанаў. Шэраг незалежных экспэртаў расцанілі гэта як частковую страту фінансава-эканамічнага сувэрэнітэту Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG