Расея спыніла дзеяньне падпісанага ў 2000 годзе з Украінай пагадненьня аб узаемным прызнаньні дакумэнтаў аб адукацыі і навуковых ступенях, гаворыцца ў паведамленьні МЗС РФ, апублікаваным на афіцыйным партале прававой інфармацыі.
«20 сьнежня 2022 году спыняе дзеяньне пагадненьне паміж урадам Расейскай Фэдэрацыі і Кабінэтам міністраў Украіны аб узаемным прызнаньні і эквівалентнасьці дакумэнтаў аб адукацыі і вучоных званьнях, падпісанае ў Маскве 26 траўня 2000 году», — гаворыцца ў паведамленьні.
Украіна, са свайго боку, скасавала пагадненьне з Расеяй у сакавіку гэтага году. Дакумэнт прадугледжваў, у тым ліку, узаемнае бестэрміновае прызнаньне дыплёмаў аб прафэсійна-тэхнічнай, сярэдняй і вышэйшай адукацыі, а таксама прысваеньне навуковых ступеняў і званьняў.