Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне асудзілі былую машыністку нацысцкага канцлягеру. Ёй 97 гадоў


Ірмгард Фюрхнэр у судзе 19 кастрычніка 2021 г.
Ірмгард Фюрхнэр у судзе 19 кастрычніка 2021 г.

Суд у Нямеччыне прызнаў 97-гадовую Ірмгард Фюрхнэр саўдзельніцай больш як 10,5 тысячы забойстваў у нацысцкім канцлягеры Штутгаф. Яна працавала ў ім машыністкай камэнданта.

Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі.

Фюрхнэр асудзілі на два гады пазбаўленьня волі ўмоўна. Суд прыйшоў да высновы, што яна ведала аб тым, што адбываецца ў Штутгафе ў пэрыяд сваёй працы — з 1943 па 1945 год. Камэндант канцлягеру Паўль Вэрнэр Гопэ, які хаваўся пасьля вайны пад чужым імем, быў асуджаны яшчэ ў 1955 годзе, празь пяць гадоў яго вызвалілі датэрмінова.

Усяго ў Штутгафе, непадалёк ад Гданьску, загінулі каля 65 тысяч чалавек, сярод іх зьняволеныя габрэі, палякі і палонныя савецкія салдаты. Для іх забойства выкарыстоўваліся розныя мэтады, у тым ліку газавыя камэры. У судзе заслухоўваліся паказаньні вязьняў Штутгафу, якія выжылі.

Калі ў верасьні 2021 году пачаўся суд, Фюрхнэр зьбегла з дому састарэлых — пазьней яе затрымалі ў Гамбургу. «Я шкадую аб усім, што адбылося. Я шкадую, што ў той час знаходзілася ў Штутгафе. Гэта ўсё, што я магу сказаць», — сказала яна перад прысудам.

  • Летам 2020 году суд прызнаў 92-гадовага жыхара Нямеччыны Бруна Дэя саўдзельнікам больш як пяці тысяч забойстваў у Штутгафе. Яго таксама асудзілі на два гады пазбаўленьня волі ўмоўна. З 1944 па 1945 год ён служыў у канцлягеры наглядчыкам. Сваёй віны Дэй не прызнаў, заявіўшы, што яго звальненьне з канцлягеру «нічога б не зьмяніла».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG