Камітэт ААН у правах чалавека (КПЧ ААН) рэкамэндаваў Расеі ўстрымацца ад экстрадыцыі беларуса Андрэя Рускіх, які быў затрыманы 28 траўня ў Санкт-Пецярбургу і з таго часу знаходзіцца ў расейскім СІЗА да экстрадыцыі.
Як паведаміла праваабарончая арганізацыя «Вясна», Беларусь абвясьціла Андрэя Рускіх у вышук за камэнтары сёлета ў студзені пра вайскоўцаў і Лукашэнку, якія кваліфікавалі як «распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці» (арт. 130 КК) і «абразу Лукашэнкі» (арт. 368 КК).
У жніўні «Мэмарыял» прызнаў Андрэя палітычным зьняволеным. Аднак Генэральная пракуратура Расеі пастанавіла задаволіць экстрадыцыйны запыт Беларусі, і 9 лістапада Санкт-Пецярбурскі гарадзкі суд пакінуў пастанову аб экстрадыцыі бязь зьмен.
Расейскія праваабаронцы зьвярнуліся ў КПЧ ААН і запатрабавалі ў межах гэтай справы ўжыць часовыя (забясьпечвальныя) захады ў выглядзе забароны на экстрадыцыю. Камітэт пачуў аргумэнтацыю абароны і рэкамэндаваў Расеі ўстрымацца ад экстрадыцыі да разгляду справы ў Камітэце па сутнасьці.
У той жа час Расея ня лічыць рэкамэндацыі КПЧ ААН абавязковымі для выкананьня.
Андрэй Рускіх — псыхоляг-сэксоляг, псыхатэрапэўт. Ён аўтар некалькіх кніг па практычнай псыхалёгіі, вядзе сайт і старонкі ў сацсетках, дзе публікуе парады адносна розных псыхалягічных праблем.