Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 гадоў таму пачаўся першы чэмпіянат Менску ў шашках


Удзельнікі першага чэмпіянату Менску ў шашках, сьнежань 1922
Удзельнікі першага чэмпіянату Менску ў шашках, сьнежань 1922

15 сьнежня 1922 году ў клюбе імя Карла Маркса пачаўся шашачны турнір «на чэмпіёна гораду Менску». 

Месца было выбрана невыпадкова, у лістападзе ў гэтым клюбе арганізавалі шашачную сэкцыю, якая, імаверна, была першай у Беларусі. Сам клюб Маркса — партыйны, адкрыўся 21 верасьня ў будынку былога менскага дваранскага дэпутацкага сходу на рагу вуліц Падгорнай (потым Маркса) і Петрапаўлаўскай (потым — Энгельса), 32/47 — насупраць Купалаўскага тэатру, піша тэлеграм-канал «Беларускі піонэр».

Інфармацыя пра першы афіцыйны турнір на тэрыторыі Беларусі прыйшла з кніг Аркадзя Ракітніцкага, які, зрэшты, памылкова напісаў, што чэмпіянат праходзіў увосень, а не зімой. Таксама інфармацыя пра першы чэмпіянат Менску ідзе з газэты «Савецкая Беларусь» і літаратурнага дадатку да газэты «Звезда».

У першым чэмпіянаце Менску ўдзельнічалі 15 чалавек, якія гулялі ў два кругі. Закончыўся ён вясной 1923 году. Перамог студэнт мэдыцынскага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсітэту Барыс Круталевіч, які выгуляў 24 партыі, 4 зьвёў у нічыю і ніводнай не прагуляў. Другім стаў выкладчык Беларускага пэдагагічнага тэхнікуму Аляксандар Круталевіч. Менавіта браты Круталевічы былі арганізатарамі чэмпіянату, адзін зь іх узначальваў той самы клюб імя Маркса. У 1921 годзе (па іншых дадзеных у 1918-м) яны вярнуліся ў Менск з Масквы і адразу разгарнулі актыўную дзейнасьць у разьвіцьці шашак.

Газэтная абвестка з заклікам прыняць удзел у першым шашачным чэмпіянаце Менску
Газэтная абвестка з заклікам прыняць удзел у першым шашачным чэмпіянаце Менску

Далейшы лёс удзельнікаў першага чэмпіянату Менску склаўся па-рознаму. Барыс Круталевіч стаў адным з наймацнейшых шашыстаў СССР (пятае месца ў першым і другім Усесаюзных чэмпіянатах) і першым у Беларусі ў 1924 годзе атрымаў званьне «Майстар спорту». На 28-м годзе жыцьця ён памёр ад сухотаў. Ягоны старэйшы брат Аляксандар стаў дацэнтам катэдры мэтодыкі матэматыкі пэдагагічнага факультэту БДУ, у 1937 годзе яго расстралялі.

Адзін з удзельнікаў Ільля Гардон у 1925 годзе выгуляў першы чэмпіянат Беларусі і ўтрымліваў гэты тытул да 1939 году. У 1927 годзе ён стаў другім шашачным майстрам у БССР, заклаў падмурак беларускай трэнэрскай шашачнай школы. Загінуў у час ІІ сусьветнай вайны. Пра астатніх удзельнікаў вядома мала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG