У чэрвені 2022 году Магілёўскі абласны суд прызнаў журналіста Андрэя Кузьнечыка стваральнікам «экстрэмісцкага фармаваньня» і прысудзіў яму 6 гадоў турмы. Адбывае пакараньне Андрэй у Наваполацкай калёніі № 1 узмоцненага рэжыму, куды яго этапавалі 1 верасьня з магілёўскай турмы.
«Хутчэй за ўсё, Андрэю дазваляюць ліставацца толькі зь сям’ёй»
У Андрэя шмат сяброў, якія яму пішуць. Невядома, ці даходзяць тыя лісты да палітвязьня, але адказаў ад Андрэя сябры не атрымліваюць.
«Ведаючы адказнасьць, акуратнасьць, выхаванасьць Андрэя, я перакананы, што ён адказвае на ўсе лісты. Лістоў ад яго няма. Хаця мы ўсе ўкладаем чыстыя канвэрты, паперу, паштоўкі. Жонка Алеся таксама яму шмат перадае „канцтавараў“. Таму тут магчымыя тры варыянты. Хутчэй за ўсё, Андрэю дазваляюць ліставацца толькі зь сям’ёй: мамай, жонкай, дзецьмі, і тут пошта працуе ў два бакі. Магчыма, штосьці даходзіць Андрэю ад сяброў — хочацца на гэта спадзявацца, што ён адчувае нашу падтрымку, і тут пошта працуе ў адзін бок. Але да нас ад яго проста нічога не даходзіць. Зусім нічога. Я ня веру, што Андрэй не адказвае», — кажа сябар Андрэя, які назваўся Аляксандрам.
29 сьнежня ў Андрэя Кузьнечыка дзень народзінаў, ужо другі за кратамі. Жонка Алеся просіць напісаць ёй, што сябры хочуць пажадаць мужу, і абяцае ўсё перадаць Андрэю.
«Прапаную ўсім ахвотным выслаць мне чыстыя паштоўкі, якія я перашлю Андрэю. Паштоўкі любыя. Думаю, яму будзе цікава, напрыклад, паглядзець краявіды мясьцін, дзе вы цяпер. Фоткі таксама можна. Кароткі (ці ня дужа) тэкст можна напісаць на асобным лісьце, я перакажу. Хаця б пару слоў пра тое, як вашы справы, настрой і чаканьні», — зьвяртаецца Алеся да сяброў Андрэя на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
«Не расказваць жа людзям пра кансэрвы»
Таксама жонка Андрэя Алеся публікуе і фрагмэнты лістоў Андрэя. З нагоды гадавіны зьняволеньня Андрэй разважае:
«Год я сабе таксама на каляндарыку адцеміў. Што даў карыснага? Можна і такога знайсьці, але не дае цяжар бескарыснага, несправядлівага, злога і страчанага, у тым ліку і незваротна.
Так ці гэтак, трэба жыць далей, дзень прыйдзе новы».
Алеся піша, што на пытаньні, як ён і што ў яго новага, Андрэй адказвае: маўляў, калі ён зноў сёньня прачнуўся ў Наваполацкай калёніі, то цікавых навін пакуль няма.
«Не расказваць жа людзям, якія там кансэрвы завезьлі гэтым разам на атаварку. Але часам сасьніцца сон, які не ідзе з галавы.
Звычайна я сны забываю тут, нават калі бачу. І звычайна яны пра турму, да жалю. Дык вось, вярнуўся я ў тым сьне дахаты, і, хоць быў выходны, павялі Яніну ў садок (чамусьці), але новы, бо самі пераехалі. Вялі нядоўга, але па ўсіх чым-небудзь адметных у маім жыцьці менскіх вуліцах геаграфічна ў сьне каша поўная была. Раварыстаў на ходніках — не прапіхнуцца. Яно б можна абысьці іх па дварах, але калі я туды збочу, будзе парушэньне, рапарт і пакараньне. Такі вось нявольніцка-мройніцкі мікс...» — дзеліцца сваімі турэмнымі снамі Андрэй у лісьце да жонкі.
Ніводнай падпіскі да канца так і не атрымаў у сувязі з частымі перасоўваньнямі
Вядома, што ў зьняволеньні Андрэй працуе. Па расповедах былых вязьняў, якія ўжо вызваліліся, у Наваполацкай калёніі ёсьць лесапілка і мэталічная вытворчасьць (зьняволеныя рэжуць стары кабэль, абдзіраюць ізаляцыю з правадоў, здабываючы медзь і алюміній). Абедзьве работы нялёгкія. Раней Андрэй працаваў менавіта з кабэлем — вымаў дрот і рэзаў яго на кавалкі. Але, як толькі вязьні прызвычайваюцца і авалодваюць навыкамі, іх пераводзяць на іншую працу.
Андрэю, які доўгі час працаваў рэдактарам у вядучых беларускіх СМІ (у «Нашай ніве», «Комсомольской правде в Беларуси», больш за 10 гадоў на Радыё Свабода), цяжка бязь сьвежых навінаў. На волі цэлымі днямі ён знаходзіўся ў сеціве, сачыў за падзеямі. За кратамі ўсяго гэтага Кузьнечыку вельмі нестае. Таму ён выпісвае шмат пэрыёдыкі, беларускамоўныя часопісы і газэты. Аднак ніводнай падпіскі да канца так і не атрымаў, бо часта перасоўваўся з аднаго месца зьняволеньня ў іншае.
У некаторых выданьнях расчараваўся, як у тыднёвіку «Літаратура і мастацтва»: «Няма пра што пачытаць».
Перасьлед Андрэя Кузьнечыка
- Андрэй Кузьнечык — журналіст, які супрацоўнічае з Радыё Свабода, фрылансэр.
- Андрэя Кузьнечыка затрымалі 25 лістапада, на наступны дзень яго асудзілі на 10 сутак, аднак 5 сьнежня ён на волю не выйшаў, зноў атрымаўшы 10 сутак. Але і 15 сьнежня яго ня вызвалілі і зноў прысудзілі 10 дзён арышту.
- Віны паводле адміністрацыйных артыкулаў фрылансэр Радыё Свабода не прызнаў, перадач для яго не прынялі.
- 22 сьнежня Беларуская асацыяцыя журналістаў запатрабавала ад уладаў органаў неадкладна даць інфармацыю пра тое, дзе і ў сувязі зь якой справай утрымліваюць журналіста.
- Прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай заявіў, што ўлады Беларусі працягваюць утрымліваць журналіста, па сутнасьці, як выкрадзенага закладніка. Ён запатрабаваў вызваліць Андрэя і спыніць перасьлед беларускіх журналістаў.
- 23 сьнежня сваякам Андрэя паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу, але не назвалі артыкулу КК. Кузьнечыка перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
- У чэрвені 2022 году Магілёўскі абласны суд прызнаў яго стваральнікам «экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-1 КК) і прысудзіў 6 гадоў турмы. Суд доўжыўся 3 гадзіны.