Праваабаронца Наста Лойка ня выйшла на волю пасьля чарговых 15 содняў адміністрацыйнага арышту, інфармацыі пра месца яе знаходжаньня няма, паведамляе @humanconstanta.
Насту Лойку затрымалі 28 кастрычніка і пазьней тройчы асудзілі на адміністрацыйны арышт.
Як і ў папярэднія разы, 29 лістапада Насту Лойку асудзілі паводле арт. 19.1 КаАП («дробнае хуліганства»), паведамляе @humanconstanta.
На адным з судоў праваабаронца расказала пра катаваньні — супрацоўнік ГУБАЗіК ударыў яе электрашокерам, а адзін з супрацоўнікаў ЦІП вывеў яе ўва ўнутраны двор і пакінуў там бяз вопраткі на 8 гадзін. У выніку зьняволеная моцна захварэла.
За гэты час на Акрэсьціна ўдалося перадаць для яе лекі, аднак ёсьць інфармацыя, што яны да Насты так і не дайшлі.
Нягледзячы на цяжкі фізычны стан, Наста была ў зьняволеньні бязь цёплых рэчаў і сродкаў асабістай гігіены, паведамляла @humanconstanta.
Наста Лойка прыйшла ў валянтэрскую службу праваабарончага цэнтру «Вясна» яшчэ падлеткам. 8 гадоў адпрацавала ў грамадзкай прымальні «Вясны». У 2018 годзе стала сузаснавальніцаю праваабарончай арганізацыі Human Constanta.
У Human Constanta Наста займалася абаронай правоў замежных грамадзян і людзей без грамадзянства. Працавала над праблемамі рэпрэсіўнага «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства, нефармальнай адукацыі ў сфэры правоў чалавека.
І «Вясну», і Human Constanta ўлады Беларусі зьліквідавалі.
Саму Насту за апошнія месяцы некалькі разоў затрымлівалі і арыштоўвалі.