«На Валынскім і Палескім кірунках абстаноўка без істотных зьменаў, прыкмет фармаваньня наступальных груповак суперніка ня выяўлена. У гарадах Мазыр, Гомель і Магілёў адзначана павелічэньне расейскіх мабілізаваных вайскоўцаў. У ваенкаматах Гомельскай вобласьці праходзяць мерапрыемствы па праверцы ўліковых дадзеных ваеннаабавязаных», — гаворыцца ў паведамленьні.
У той жа час кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Кірыл Буданаў днямі заявіў, што атакі Ўкраіны з боку Беларусі ня будзе, а «ўсё, што адбываецца ва ўкраінскай мэдыяпрасторы, зьвязанае з тэматыкай Беларусі, — гэта рэха расейскай спэцыяльнай інфармацыйнай апэрацыі».
Улады Украіны заяўляюць, што пакуль ня бачаць пагрозаў як новага ўварваньня расейскіх вайскоўцаў з тэрыторыі Беларусі, так і ўдзелу ў вайне беларускага войска, але пры гэтым пачалі будаўніцтва на мяжы зь Беларусьсю жалезабэтоннага плота з калючым дротам.
Беларусь не зьяўляецца непасрэдным удзельнікам поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне, але надае матэрыяльна-тэхнічную падтрымку расейскаму ўварваньню. У прыватнасьці, дае расейскім войскам доступ на тэрыторыю Беларусі, адкуль расейцы зьдзяйсьняюць баявыя вылеты для бамбардаваньня ўкраінскіх гарадоў, а таксама запускаюць ракеты па тэрыторыі Ўкраіны.