У той жа час, як паведаміў сьпікер украінскага Генэральнага штабу Аляксандар Штупун, сярод вайскоўцаў памежнай службы і Ўзброеных сіл Беларусі «павялічваецца незадаволенасьць дзейнасьцю вайскова-палітычнага кіраўніцтва Беларусі праз пагрозу ўцягваньня краіны ў вайну з Украінай».
Аляксандар Штупун адзначыў, што на беларускіх вайсковых палігонах надалей рыхтуюцца расейскія падразьдзелы, а Беларусь «працягвае падтрымліваць узброеную агрэсію Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны, надаючы тэрыторыю і паветраную прастору для нанясеньня ракетных і авіяцыйных удараў».
Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь міністрам абароны РФ Сяргеем Шайгу 3 сьнежня ў Менску фактычна прызнаў, што на тэрыторыі Беларусі ідзе падрыхтоўка расейскіх войскаў.
Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», усяляк падтрымліваючы Расею, але «нікога не забіваючы».
Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку РФ, у той жа час тэрыторыю Беларусі з пачатку ўварваньня актыўна выкарыстоўвала расейская армія для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.
Сумесная групоўка войскаў Расеі і Беларусі пачала разгортваньне 15 кастрычніка. Агульная колькасьць рэгіянальнай групоўкі войскаў (РГВ) налічвае каля 9 тысяч. Беларускія палігоны актыўна выкарыстоўваюцца для трэнаваньняў расейскіх вайскоўцаў перад іх адпраўкай на вайну супраць Украіны.
У лютым 2022 года Беларусь дала сваю тэрыторыю і паветра для расейскага нападу на поўнач Украіны, захопу Чарнобыльскай АЭС і няўдалай спробы атачэньня Кіева.