Былы палац Радзівілаў у Дзятлаве на Гарадзеншчыне, які ўжо год спрабавалі прадаць з аўкцыёну, выкупіў за 100 рублёў расейскі бізнэсовец,піша «Вечерний Гродно».
Пакупнік атрымаў яго ў арэнду на 50 гадоў. З палацам у 1500 квадратных мэтраў здаецца ў арэнду на 50 год і зямельны ўчастак пры палацы плошчай 0,4 га.
Пакуль невядома, што менавіта будзе там пасьля рэканструкцыі. Беларуска Сьвятлана, прадстаўніца пакупніка, патлумачыла выданьню: «Магу сказаць дакладна, што палац будзе мець толькі сацыяльную скіраванасьць, пра камэрцыялізацыю аб’екту размова не ідзе. Улічваючы, што там раней была бальніца, магчыма, зьявіцца рэабілітацыйны цэнтар ці іншая ўстанова для дапамогі людзям».
Палац быў пабудаваны ў 1751 годзе па фундацыі Мікалая Фаўстына Радзівіла на левым беразе ракі Дзятлаўкі. З канца XVIII стагодзьдзя належаў Солтанам. За ўдзел Солтанаў у паўстаньні 1831 году сядзібу ў 1836 годзе забралі царскія ўлады. У другой палове XIX ст. Палац выкарыстоўвалі як казармы для кавалерыйскіх часьцей. У пачатку XX ст. у палацы была разьмешчана школа. У савецкія часы ў будынку месьціўся раённы шпіталь.