Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўзбэкістане пачаўся першы суд над удзельнікамі маніфэстацый за захаваньне аўтаноміі Каракалпакстану


Пратэсты ў Нукусе, 1-2 ліпеня 2022
Пратэсты ў Нукусе, 1-2 ліпеня 2022

Суд над каракалпакамі праходзіць у адкрытым рэжыме. Сярод падсудных і вядомыя ва Ўзбэкістане асобы.

Адкрыты суд у крымінальнай справе аб падзеях у Нукусе 1-2 ліпеня пачаўся ў Бухары. Абвінавачанымі ў справе праходзяць 22 чалавекі, паведаміў прэс-сакратар Вярхоўнага суду Ўзбэкістану Азіз Абідаў. Справу разглядае суд першай інстанцыі пад старшынствам судзьдзі судовай калегіі суду Рэспублікі Каракалпакстан у крымінальных справах.

На лаве падсудных, сярод іншых, і вядомыя ў краіне дзеячы: юрыст і журналіст Даўлет Тажымуратаў, журналістка Лалагул Калыханава, спартовец Азамат Турданаў.

Абвінавачаньні падсудным выставілі паводле 11 артыкулаў Крымінальнага кодэксу Ўзбэкістану, сярод якіх «наўмыснае цяжкае цялеснае пашкоджаньне», «замах на канстытуцыйны лад Рэспублікі Ўзбэкістан», «разбой», «масавыя беспарадкі», «незаконнае завалоданьне агнястрэльнай зброяй», «хуліганства» і іншыя. Многім з падсудных пагражае ад 10 гадоў турэмнага зьняволеньня.

20 падсудных знаходзіліся да суду пад вартай, 1 — пад хатнім арыштам і адзін быў адпушчаны пад грамадзкае паручальніцтва.

Парлямэнцкая камісія расьсьледаваньня пратэстаў у Нукусе дадала, што 107 абвінавачаных адпусьціла Генэральная пракуратура пад грамадзкае паручальніцтва і хатні арышт па прапанове сяброў камісіі і па хадайніцтве парлямэнту Каракалпакстану на «аснове прынцыпу гуманізму». Сябры камісіі будуць удзельнічаць у судовым працэсе ў якасьці назіральнікаў.

Большасьць з абвінавачаных перавялі з турмы Нукусу ў Харэзм і Бухару, а таксама Ташкент. 20 лістапада ў ІЧУ Нукусу памёр Юсуп Нызаматдзінаў, затрыманы 1 ліпеня 2022 году за ўдзел у дэманстрацыі. Яго сябры лічаць, што 40-гадовы мужчына памёр ад жорсткіх катаваньняў.

Што адбылося ў Каракалпакстане

Масавыя акцыі пратэсту супраць зьмены статусу Каракалпакстану ў новай канстытуцыі Ўзбэкістану, якія прайшлі 1-2 ліпеня ў Нукусе, былі задушаныя сілавікамі. Улады на чале з прэзыдэнтам Шаўкатам Мірзіёевым адмянілі сваё рашэньне і пакінулі каракалпакам аўтаномію.

Паводле зьвестак узбэцкіх уладаў, падчас пратэстаў, якія перарасьлі ў беспарадкі, загінуў 21 чалавек, а 243 чалавекі, у тым ліку сілавікі, атрымалі раненьні. Пасьля пратэстаў арыштавалі 516 чалавек. Улады Ўзбэкістану адмаўляюць, што адкрывалі агонь па мітынгоўцах.

Суседнія краіны, Расея і Кітай падтрымалі афіцыйную пазыцыю ўраду Ўзбэкістану па інцыдэнце, а ЗША выказалі падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту Ўзбэкістану.

Рэспубліка Каракалпакстан — найбуйнейшы рэгіён Узбэкістану, які займае 40% тэрыторыі краіны. Там пражываюць амаль 2 млн чалавек. У рэспубліцы прызнаюцца дзьве афіцыйныя мовы: каракалпацкая і ўзбэцкая. У раньнія савецкія гады існавала Кара-Калпацкая аўтаномная вобласьць, якая ў 1936 годзе ўвайшла ў склад Узбэцкай ССР. У 1990 годзе Вярхоўная рада Каракалпацкай АССР прыняла Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Але ў 1993 годзе быў падпісаны міждзяржаўны дагавор аб уваходжаньні Каракалпакстану ў склад Узбэкістану. Менавіта ў гэтым дагаворы было замацавана права выхаду са складу краіны, прапісанае таксама ў дзейнай Канстытуцыі Ўзбэкістану.

Падзеі ў Нукусе — найбуйнейшы гвалт ва Ўзбэкістане пасьля Андыжанскіх падзей у траўні 2005 году, яшчэ падчас кіраваньня папярэдняга прэзыдэнта Іслама Карымава. Тады ўлады расстралялі людзей падчас акцый пратэсту. Паводле афіцыйных дадзеных уладаў, тады забілі 187 чалавек, але паводле неафіцыйных ацэнак, забітых было ад 230 да 2000 чалавек.

Расстрэлы пратэстаў у Андыжане ўспамінаў Аляксандар Лукашэнка ў адным са сваіх выступленьняў незадоўга да жнівеньскіх пратэстаў 2020 году, а менавіта 4 чэрвеня. Ён пагражаў, што такое, у выпадку чаго, можа быць і ў Беларусі. Прычым тады Лукашэнка агучыў якраз неафіцыйную лічбу ахвяр, заявіўшы, што сілавікі Карымава «расстралялі тысячы чалавек».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG