Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік украінскага «Энэргаатаму»: расейцы, магчыма, рыхтуюцца пакінуць Запароскую АЭС


Запароская АЭС
Запароская АЭС

Ёсьць прыкметы таго, што расейскія войскі рыхтуюцца пакінуць Запароскую атамную электрастанцыю, заявіў у эфіры ўкраінскага агульнанацыянальнага тэлемаратону кіраўнік кампаніі «Энэргаатам» Пятро Коцін.

Яго цытуе ўкраінская служба Радыё Свабода.

«Такое ўражаньне, што яны зьбіраюць валізы і крадуць усё, што могуць знайсьці», — сказаў Коцін. Паводле яго, апошнім часам стала зьяўляцца шмат публікацый у расейскай прэсе пра тое, што ЗАЭС, магчыма, варта пакінуць і перадаць пад кантроль Міжнароднага агенцтва ў атамнай энэргіі (МАГАТЭ).

Пяць дзён таму экспэрты МАГАТЭ падчас агляду Запароскай АЭС выявілі нерадыяактыўны выцек праз пашкоджаньне рэзэрвуараў для захоўваньня кандэнсатаў. Пры гэтым непасрэднай пагрозы ядзернай бясьпецы ня выяўлена, нягледзячы на значныя пашкоджаньні станцыі, гаворыцца ў заяве на сайце МАГАТЭ.

Расейскія войскі захапілі Запароскую АЭС у сакавіку 2022 году, неўзабаве пасьля ўварваньня ва Ўкраіну. З таго часу Расея і Ўкраіна неаднаразова абвінавачвалі адна адну ў абстрэлах станцыі. Апошні раз тэрыторыю АЭС абстралялі 19-20 лістапада. Гэтыя абстрэлы, адзначае МАГАТЭ, сталі ці не наймацнейшымі з пачатку вайны.

Спэцыялісты агенцтва ня могуць вызначыць, хто менавіта падвяргае станцыю абстрэлам. МАГАТЭ заклікае да вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі станцыі і яе дэмілітарызацыі. Вядома, што сытуацыя на АЭС абмяркоўвалася, у прыватнасьці, у тэлефонных размовах прэзыдэнтаў Расеі і Францыі. Афіцыйна расейскі бок не казаў пра магчымасьць сыходу з Запароскай АЭС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG