Іранскія ўлады арыштавалі пляменьніцу вярхоўнага лідэра Ірану, аяталы Алі Хамэнэі, пасьля таго, як яна запісала відэа, у якім ахарактарызавала ўрад, які ўзначальвае яе дзядзька, як «рэжым, які забівае дзяцей». Пра гэта паведаміла агенцтва France Presse са спасылкай на яе брата.
Фарыдэ Марадхані — дачка памерлага апазыцыйнага дзеяча, які быў жанаты на сястры Хамэнэі. Сёлета на пачатку году Фарыдэ Марадхані ўжо затрымлівалі за ўдзел у акцыі пратэсту.
Яе брат Махмуд Марадхані напісаў у твітэры, што яна была арыштаваная 23 лістапада.
Пратэсты ў Іране пачаліся пасьля сьмерці 22-гадовай студэнткі Махсы Аміні. Яе на вуліцы затрымала паліцыя нораваў за неналежнае нашэньне хіджаба. Сваякі заявілі, што 16 верасьня дзяўчына памерла ў шпіталі, бо яе моцна пабілі. Улады гавораць, што ў Аміні былі праблемы з сэрцам. Іранскія жанчыны на знак пратэсту пачалі адразаць валасы і спальваць хіджабы. Тысячы людзей выйшлі на вуліцы. Яны патрабавалі расьсьледаваць сьмерць Аміні.