Камітэт дзяржаўнага кантролю будзе прымаць самыя жорсткія меры за невыкананьне патрабаваньняў пастановы ўраду № 713 аб сыстэме рэгуляваньня цэн, заявіў старшыня КДК Васіль Герасімаў на паседжаньні Берасьцейскага аблвыканкаму.
Падчас паседжаньня, на якое запрасілі прадстаўнікоў буйных гандлёвых сетак, абмяркоўваліся цэны і напаўняльнасьць паліц у крамах. Кіраўнік КДК нагадаў даручэньне Лукашэнкі: «Асноўная мэта органаў мясцовай улады — забесьпячэньне, напаўненьне паліц».
«Ня дай Бог у нейкай краме нешта прападзе. Паверце, я зьвяртаюся да сетак: што да камітэта, мы будзем прымаць самыя жорсткія меры. Мы, вядома, сабралі ўсе зьвесткі, хто скараціў пастаўкі, і зь імі разьбяромся», — цытуе Васіля Герасімава БелТА.
У той жа час на працягу апошніх дзён чыноўнікі заяўляюць, што дэфіцыту тавараў у крамах няма.
22 лістапада старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава заявіла, што з асартымэнтам у беларускіх крамах «усё добра». А калі нехта гаворыць адваротнае, то гэта «інфаатакі супраць улады», заявіла чыноўніца.
Паводле зьвестак Свабоды, беларусы ўсё часьцей заўважаюць праблемы з колькасьцю прадуктаў у крамах. Нашы чытачы на працягу апошняга тыдня паведамляюць таксама аб недахопе асобных тавараў. Гэта датычыцца як прадуктаў, так і бытавой хіміі і касмэтыкі або кармоў для жывёлаў.
Што сьведчаць лічбы
Гадавая інфляцыя ў Беларусі (рост цэнаў на тавары і паслугі) у кастрычніку склала 15,2%. Аднак тады забаранілі павышаць цэны, у выніку чаго па выніках месяца яны нават зьнізіліся на 1% па падліках Нацбанку.
Па дадзеных Міжнароднага агенцтва сацыяльных і маркетынгавых дасьледаваньняў (МАСМІ), беларусы сёлета сталі эканоміць на адпачынку (пра гэта заявілі 45% рэспандэнтаў), забавах (41%), куплі бытавой тэхнікі (29%).
Акрамя таго, людзі больш ахвотна купляюць тавары на зьніжках і абмяжоўваюць сябе ў неабавязковых выдатках, сьведчаць дадзеныя дасьледаваньня.