«Станіслаў Васільевіч Зась завяршае трохгадовую дзейнасьць на пасадзе генэральнага сакратара АДКБ», – сказаў Пашыньян, адкрываючы пасяджэньне Рады калектыўнай бясьпекі.
У пачатку лістападу Зась на сустрэчы з Лукашэнкам прапаноўваў павялічыць тэрмін дзеяньня паўнамоцтваў на гэтай пасадзе. Лукашэнка спытаўся, ці не заседзеўся Зась у Маскве.
«Не, — адказаў Зась і панаракаў, што тры гады для генэральнага сакратара — занадта малы тэрмін. — Таму што рэальна вельмі шмат дзейнасьці, і пакуль ты ўсё ахопіш і станеш адчуваць сябе ўпэўнена, патрэбен час. І час вельмі хутка пралятае».
У 2023 годзе месца Зася зойме прадстаўнік Казахстану Імангалі Тасмагамбетаў, а Беларусь пяройме старшынства ў АДКБ.
- Станіслаў Зась — вайсковец, родам з Чарнігаўшчыны, вучыўся ў Вайсковай акадэміі РФ, да цяперашняй пасады быў дзяржсакратаром Савету бясьпекі Беларусі. Перакананы, што NATO нясе пагрозу краінам АДКБ.