Беларусь будзе плаціць у рублях па крэдыце Таварна-крэдытнай карпарацыі ЗША. Гэта прадугледжана сумеснай пастановай Савету Міністраў і Нацыянальнага банку ад 21 лістапада 2022 году, якая афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БелТА.
У дакумэнце паведамляецца, што гэта мера была прынята для своечасовага і поўнага ажыцьцяўленьня выплат па вонкавых дзяржаўных пазыках, прыцягнутых ад Таварна-крэдытнай карпарацыі ЗША.
Нядаўна агенцтва Fitch Ratings пацьвердзіла доўгатэрміновы рэйтынг Беларусі ў замежнай валюце на ўзроўні RD (абмежаваны дэфолт). Рэйтынг у нацыянальнай валюце захаваны на ўзроўні ССС.
У паведамленьні агенцтва канстатуецца, што Беларусь працягвае абслугоўваць даўгі па эўрааблігацыях у рублях, што супярэчыць дакумэнтацыі аб каштоўных паперах. Паводле агенцтва, тэмпы зьніжэньня ВУП замарудзіліся, што зьяўляецца вынікам адаптацыі эканомікі да санкцый, а таксама атрыманьня прэфэрэнцый у РФ і зьніжэньня курсу беларускага рубля да расейскага. Разам з тым дзяржаўныя прадпрыемствы актыўна працуюць, што прывяло да назапашваньня прадукцыі.