Справу 20-гадовай студэнткі Дануты Перадні ў Магілёўскім абласным судзе ў парадку першай інстанцыі разглядалі паводле тых жа артыкулаў Крымінальнага кодэксу (ч. 3 арт. 361, ч. 1 арт. 368), па якіх яе ўжо асудзілі 4 ліпеня ў судзе Кіраўскага раёну на 6,5 года калёніі. Тады суд Магілёўскай вобласьці адмяніў прысуд — справа зьяўлялася непадсуднай для інстанцыі раённага ўзроўню.
22 лістапада судзьдзя суду Магілёўскай вобласьці Алена Картавенка асудзіла былую студэнтку МДУ ім. А.А. Куляшова Дануту Перадню на 6,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, паведамляе MAYDAY.TEAM.
Дануту Перадню прызналі вінаватай у «дзеяньнях, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361 КК) і ў «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК).
20-гадовую студэнтку Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова Дануту Перадню затрымалі 28 лютага 2022 году, калі яна прыехала на маршрутцы з Качэрычаў у Магілёў.
Паводле MAYDAY TEAM, у віну дзяўчыне паставілі тое, што яна 27 лютага перапосьціла ў адзін з магілёўскіх чатаў тэкст з рэзкай крытыкай Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі за вайну супраць Украіны. Таксама там заклікалі да вулічных выступаў і пісалі пра тое, што беларуская армія ня мае пэрспэктывы, калі непасрэдна ўступіць у вайну.
10 чэрвеня Камітэт дзяржаўнай бясьпекі ўнёс Дануту Перадню ў сьпіс «асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці».
Паводле MAYDAY, Перадня была студэнткай-выдатніцай і мела ад пэдагогаў толькі станоўчыя характарыстыкі. Аднак адразу пасьля завядзеньня крымінальнай справы яе адлічылі.