Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зараз вырашальны момант нашай з вамі гісторыі». Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да беларусаў


У ім лідэрка дэмакратычных сіл Беларусі па-беларуску падзякавала «ўсім, хто яе крытыкуе», і заклікала беларусаў «узгадаць, што мы адзін народ».

«„Хопіць сварыцца. Чаму вы ня можаце аб’яднацца і працаваць разам? Мы не за гэта змагаліся ў 2020“. — Мне часта пішуць такія паведамленьні. Я цудоўна іх разумею. У 2020 годзе ўся Беларусь абʼядналася вакол адной мэты — вызваліць нашую краіну і нашых родных ад дыктатуры. Але праз два гады мы бачым, што наш шлях апынуўся больш складаным і зацягнуўся надоўга. Многія ня ведаюць, што яшчэ можна зрабіць, каб гэта скончылася. Хтосьці, адчуваючы адчай, спрабуе знайсьці вінаватых», — піша Ціханоўская.

У звароце яна адзначае, што таксама часам хвалюецца ня менш за іншых, і «мы ўсе маем права на нашыя эмоцыі і на пытаньні», але нагадвае, як важна берагчы адно аднаго, «сварыцца, але не станавіцца ворагамі; крытыкаваць, але не спыняцца ісьці разам да агульнай мэты».

«Зараз вырашальны момант нашай з вамі гісторыі. Мы рызыкуем страціць сваю незалежнасьць. Мы рызыкуем страціць сваіх родных, калі Лукашэнка яшчэ больш уцягне нас у гэтую бессэнсоўную вайну. Мы рызыкуем усім. Але сытуацыя за апошнія два гады толькі пагаршаецца, і таму мы ўжо не адчуваем крызіс так востра, мы толькі адчуваем стомленасьць і адсутнасьць падтрымкі. І жаданьне, каб усё гэта хутчэй скончылася», — піша Ціханоўская.

Яна зноў заклікае беларусаў «трымацца разам» і дзякуе ўсім, хто яе крытыкуе.

«Я хачу сказаць дзякуй за тое, што вам не ўсё адно. Што вы не забыліся, не адпусьцілі боль за нашую будучыню і сучаснасьць, і шукаеце магчымасьць усё выправіць. Я ведаю гэтае пачуцьцё роспачы і страху страціць тое, што любіш. Я ведаю, што менавіта яно вамі рухае. І проста хачу сказаць вам дзякуй, бо мне гэтак жа балюча, як і вам», — піша Ціханоўская.

Яна заклікае і іншых беларусаў таксама «сказаць дзякуй тым, хто менш за ўсё ад вас гэтага чакае».

«Давайце ўзгадаем, што мы адзін народ, і дапаможам адно аднаму ў гэты складаны эпізод нашай гісторыі», — дадае Ціханоўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG