Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што на пачатку лета 2020 году адзін з палітвязьняў спрабаваў зьбегчы з бабруйскай калёніі.
«Пасьля здарэньня ў супрацоўнікаў калёніі быў пярэпалах — яны пачалі дзяжурыць са зброяй», — расказаў праваабаронцам адзін з былых вязьняў, які стаў сьведкам здарэньня.
На наступны дзень чуткі пра няўдалую спробу ўцёкаў пайшлі па ўсёй калёніі. Гаварылі, што нібыта вязень зрабіў нейкую адмысловую прыладу, вяроўку і ўзяў з сабою паўтара бохана хлеба. Уцячы мужчына спрабаваў праз дах сталоўкі, але, апынуўшыся там, «лёг і пачаў чакаць верталёт», — там яго і схапілі.
На наступны дзень пасьля здарэньня адміністрацыя заварыла выемку ў даху, празь якую вылез палітзьняволены.
З словаў іншых вязьняў, «уцекача» адразу зьмясьцілі ў ШЫЗА на некалькі месяцаў, а потым перавялі ў ПКТ. Акрамя гэтага, цяпер у яго «чырвоная бірка».