Адразу дзьве краіны Эўразьвязу аб’явілі аб нацыяналізацыі структураў, раней падкантрольных расейскаму «Газпрому». У панядзелак міністар разьвіцьця і тэхналёгіяў Польшчы Вальдэмар Буда апублікаваў рашэньне, паводле якога Польшча адбірае «газпромаўскую» долю ў кампаніі EuRoPol Gaz, якая кіруе польскім участкам сеткі газаправодаў «Ямал — Эўропа».
Паводле рашэньня Буды, над долямі «Газпрому» будзе пастаўлена часовая прымусовая адміністрацыя. Гэта неабходна, паколькі сам «Газпром» пад санкцыямі Эўразьвязу і ня можа ў поўнай меры адказваць за бесьперабойнае функцыянаваньне крытычна важнай інфраструктуры.
У той жа дзень Нямеччына, як паведамляе Financial Times, абвясьціла аб нацыяналізацыі мясцовай даччынай кампаніі расейскага газавага канцэрну — кампаніі Gazprom Germania. Яна будзе пераназваная ў Securing Energy for Europe GmbH (SEFE). Як лічаць нямецкія ўлады, нацыяналізацыя неабходная для захаваньня энэргетычнай бясьпекі краіны: ад SEFE ускосна залежыць найбуйнейшае ў Нямеччыне газасховішча ў камуне Рэдэн у Ніжняй Саксоніі. 12 лістапада Эўракамісія вылучыла на разьвязаньне гэтай праблемы 225,6 млн. эўра.
Пасьля пачатку вайны Нямеччына абʼявіла аб плянах паступова адмовіцца ад расейскіх энэрганосьбітаў. Раней з Расеі імпартавалі 40% усяго прыроднага газу, які выкарыстоўваецца ў краіне. Цяпер гэты паказьнік упаў да 7%.