Падчас акцыі, арганізаванай суполкай Беларускае студэнцтва ЧР (Bělaruske studentstvo ČR, z. s.) i аб’яднаньнем Vieršnica прысутныя беларусы ўзгадалі трагічныя падзеі 12 лістапада 2020 году, калі ў Менску пасьля зьбіцьця на Плошчы Пераменаў памёр мастак Раман Бандарэнка, які 11 лістапада выйшаў з дому пратэставаць супраць зразаньня невядомымі ў масках бел-чырвона-белых стужак у двары.
Прысутныя прадстаўнікі дыяспары казалі пра становішча ў Беларусі, чыталі вершы, прысьвечаныя Раману Бандарэнку. Сярод выступоўцаў былі тыя, хто асабіста ведаў Рамана.
Знаёмыя студэнтаў-палітвязняў сказалі словы аб іх. Менавіта ў лістападзе 2020 году былі арыштаваныя кіраўнікі Беларускага аб’яднаньня студэнтаў, якія цяпер знаходзяцца за кратамі.
На акцыі было шмат паліцыі, удзельнікам нават не дазволілі перайсьці дарогу на боку амбасады. Пасьля заканчэньня акцыі дазволілі перанесьці да плота амбасады кветкі, сьвечкі і лямпадкі.