Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея адступае з Херсону і зноў атакуе энэргетычныя аб’екты Ўкраіны. Усё больш людзей застаюцца безь сьвятла


Украінскія вайскоўцы каля падбітага расейскага танка
Украінскія вайскоўцы каля падбітага расейскага танка

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі паведамілі, што Расея хвалямі атакуе энэргетычныя аб’екты Ўкраіны — ад лініяў электраперадачы да грэбляў гідраэлектрастанцыяў.

«Плянавыя і аварыйныя адключэньні электраэнэргіі сталі звычайнымі ў некаторых раёнах Украіны, асабліва пацярпеў Кіеў», — адзначылі ў вайсковай выведцы Брытаніі.

Паводле выведнікаў, такім чынам Расея імкнецца паўплываць на мірнае насельніцтва, бо зьнішчэньне энэргааб’ектаў найперш уплывае на такія важныя функцыі дзяржавы, як ахова здароўя і ацяпленьне.

У брытанскай выведцы мяркуюць, што такім чынам Расея хоча зламаць маральны дух цывільнага насельніцтва Ўкраіны.

Расея ўначы атакавала Віньніччыну

Раніцай 11 лістапада Расея дронамі-камікадзэ пашкодзіла крытычны энэргааб’ект у Віньніцкай вобласьці. Улады сьцьвярджаюць, што ахвяраў няма. Яны не ўдакладняюць месца знаходжаньня пашкоджанага аб’екту. Імаверна, ідзецца аб падстанцыі «Віньніцкая» ў вёсцы Гуменнае недалёка ад абласнога цэнтру, якая выконвае асаблівую функцыю ў аб’яднаньні ўкраінскай энэргасыстэмы і яе працы ў складзе эўрапейскай энэргетычнай сеткі.

Гэта трэцяя атака Расеі на энэргетычныя аб’екты Ўкраіны. Першыя дзьве адбыліся 10 і 31 кастрычніка.

Ва Ўкраіне абвясьцілі пра аварыйнае адключэньне электраэнэргіі

За апошнія 10 дзён улады часткова аднавілі дзейнасьць энэргасыстэмы. Напярэдадні, 10 лістапада, у некаторых раёнах Кіева ўвогуле не адключалі электраэнэргію. Але раніцай, пасьля атакі на Віньніцу, электраэнэргію адключылі зьнянацку, без папярэджаньня, па-за графікам.

Як паведаміла кампанія «Укренерго», найбольш абмежаваньняў увялі ў Кіеве, Кіеўскай, Чарнігаўскай, Чаркаскай і Жытомірскай вобласьцях.

Цягам дня без сьвятла застануцца жыхары Сумскай, Харкаўскай, Палтаўскай і Данецкай вобласьцяў.

Улады заклікаюць грамадзян жорстка эканоміць электраэнэргію і не ўключаць лішніх электрапрыладаў.

  • У сераду камандуючы расейскай групоўкай ва Ўкраіне генэрал Сяргей Суравікін, з спасылкай на цяжкасьці забесьпячэньня войскаў у Херсонскай вобласьці на правым беразе Дняпра, прапанаваў міністру абароны Расеі Сяргею Шайгу адвесьці іх на левы бераг. Гэта будзе азначаць здачу гораду Херсону. Шайгу пагадзіўся з прапановай і загадаў пачаць адвод арміі. Пры гэтым афіцыйна да апошняга моманту сьцьвярджалі, што горад рыхтуюць да абароны.
  • Кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк адзначыў, што пакуль няма відавочных прыкмет вываду расейскіх войскаў з правага берага Дняпра. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў вечаровым відэазвароце сказаў, што «ў інфармацыйнай прасторы вельмі шмат радасьці», але заклікаў да стрыманасьці. «Вораг ня робіць нам падарункаў, ня робіць „жэстаў добрай волі“. Мы ўсяго гэтага дамагаемся», — сказаў Зяленскі, адзначыўшы, што ўкраінскія войскі будуць прасоўвацца наперад, але акуратна і «бязь лішняй рызыкі».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG