Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску судзяць 68-гадовага палітвязьня за абразу Лукашэнкі, на судзе ён часта плача


Аляксандар Патапаў
Аляксандар Патапаў

У судзе Віцебскага раёну пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да 68-гадовага жыхара вёскі Хатоля Віцебскага раёну, палітвязьня Аляксандра Патапава.

Яго абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу), паведамляе «Вясна».

Судовы працэс вядзе судзьдзя — Натальля Трацякова, дзяржабвінаваўца — пракурор Барысенка.

Палітзьняволены Аляксандар Патапаў быў затрыманы міліцыяй 25 жніўня 2022 году і ўзяты пад варту па падазрэньні ў абразе Лукашэнкі ў камэнтары ў сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі». Раней Аляксандра ўжо затрымлівалі ў межах адміністратыўнай справы па арт. 19.11 КаАП, тады яму прызначылі штраф.

Цяпер Патапаў утрымліваецца ў Віцебскім абласным сьледчым ізалятары № 2.

У першы дзень судовага працэсу было агучана абвінавачаньне: ураджэнец Украіны Патапаў у Беларусі пражывае з 1997 году, пасьля раненьня і гібелі ва Ўкраіне ад рук расейскіх вайскоўцаў ягонай дачкі Аксаны і пляменьніцы, знаходзячыся пад уплывам эмоцый, 8 і 16 ліпеня 2022 году разьмясьціў у сацыяльнай сетцы два камэнтары, якія экспэртыза палічыла «абразьлівымі».

Праваабаронцы пішуць, што ў Патапава цяжкі псыхалягічны стан, ён моцна ўзрушаны і часта плача. Судзьдзя яго час ад часу супакойвае.

Наступнае судовае пасяджэньне прызначанае на аўторак, 15 лістапада.

Патапаў: «Горка і балюча ад таго, што адбываецца ва Ўкраіне»

Тэлеграм-канал @dissidentby паведаміў, што ў выніку расейскіх абстрэлаў загінула пляменьніца беларускага палітвязьня Аляксандра Патапава. Ён украінец, але мае беларускае грамадзянства. Да 45 гадоў ён жыў ва Ўкраіне, а апошнія гады — у вёсцы Хатоля Віцебскай вобласьці. 68-гадовага мужчыну затрымалі ў межах крымінальнай справы, якую завялі паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэксу Беларусі, за нібыта абразу Лукашэнкі ў камэнтарах у адной з сацыяльных сетак.

«Мне горка і балюча за тое, што адбываецца ва Ўкраіне, дзе гінуць ні ў чым не вінаватыя людзі і дзеці. У часе ракетнага абстрэлу Кіева загінула мая пляменьніца, а яе трохгадовая дочачка стала калекай», — напісаў Аляксандар Патапаў у адным з сваіх лістоў на волю.

У той жа час пакуль дакладна не вядома, калі гэта адбылося. Кіеў з 10 жніўня зноў апынуўся пад прыцэлам расейскай арміі.

Праваабаронцы заклікаюць падтрымаць палітвязьня лістом альбо паштоўкай : СІЗА-2, вул. Гагарына, 2, 210026 г. Віцебск, Аляксандру Фёдаравічу Патапаву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG