Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія праваабаронцы зьвярнуліся ў ААН наконт указу Лукашэнкі пра сачэньне за інтэрнэтам


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларускі Хэльсынскі камітэт, «Human Constanta» і міжнародная няўрадавая арганізацыя «Access Now» зьвярнуліся да прадстаўнікоў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў з нагоды ўказу Лукашэнкі № 368, які, паводле іх, «выводзіць сачэньне на беспрэцэдэнтны ўзровень».

Праваабаронцы зьвярнуліся да Працоўнай групы ААН у бізнэсе і правах чалавека, да спэцыяльных спавяшчальнікаў аб праве на абарону прыватнага жыцьця, аб свабодзе выказваньня думак і аб Беларусі.

Як адзначаюць праваабаронцы, сачэньне праз тэлекамунікацыйныя паслугі і праслухоўваньне званкоў шырока распаўсюджаныя ў Беларусі прынамсі з 2010 году, але новы ўказ Аляксандра Лукашэнкі «інстытуцыяналізуе сачэньне і выводзіць яго на беспрэцэдэнтны ўзровень»: абавязвае інтэрнэт-сэрвісы даваць сілавікам просты доступ да зьвестак кліентаў.

Гэты ўказ тычыцца сэрвісаў электроннай пошты, мэсэнджараў, онлайн-крамаў, службаў таксі і арэнды аўтамабіляў, дае сілавікам неабмежаваны доступ да зьвестак, які нават нельга аспрэчыць у судзе.

Праваабаронцы лічаць, што ўказ парушае права на свабоду ад адвольнага ўмяшаньня ў прыватнае жыцьцё (артыкул 17 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных свабодах) і на свабоду выказваньня думак (артыкул 19 гэтага Пакту), прыцягвае да парушэньня правоў чалавека беларускія IT-кампаніі і пастаўнікаў онлайн-паслугаў (што супярэчыць Кіроўным прынцыпам ААН у бізнэсе і правах чалавека 2011 года).

Працоўную групу ААН у бізнэсе і правах чалавека просяць зьвярнуцца:

  • у «БелДІЭ» (дзяржаўны апэратар сыстэмы сачэньня) і акцэнтаваць увагу на тым, што выкананьне ўказу пацягне за сабой масавыя парушэньні правоў чалавека;
  • у Міжнародны зьвяз электрасувязі з патрабаваньнем ціснуць на ягоных партнэраў — Міністэрства сувязі Беларусі і дзяржаўнага правайдара «Белтэлекам», паведаміць «Белтэлекаму» аб непрымальнасьці ўказу;
  • да бізнэсу, які працуе ў Беларусі ці зь Беларусьсю, з заклікам да «належнай абачлівасьці» ў галіне правоў чалавека і да празрыстасьці ў выкананьні патрабаваньняў уладаў Беларусі.

Праваабаронцы просяць кампаніі:

  • устрымацца ад выкананьня патрабаваньняў уладаў Беларусі, якія супярэчаць стандартам у галіне правоў чалавека;
  • не захоўваць зьвесткі на беларускіх сэрвэрах з увагі на незаконнае ўмяшаньне ў прыватнае жыцьцё з боку ўладаў Беларусі;
  • захоўваць інфармацыю пра запыты ўладаў Беларусі і ўключаць яе ў зьвесткі аб празрыстасьці.

Самыя праваабаронцы зьвярнуліся да Міжнароднага зьвязу электрасувязі з такімі ж патрабаваньнямі, а таксама з патрабаваньнем спыніць любую супрацу зь «БелДІЭ» і «Белтэлекамам» і іх фінансаваньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG