Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнатары ЗША паабяцалі працягнуць дапамогу Кіеву пасьля выбараў у Кангрэс


Амэрыканскі сэнатар Роб Портман
Амэрыканскі сэнатар Роб Портман

Амэрыканскія сэнатары Роб Портман і Крыс Кунс 3 лістапада падчас паездкі ў Кіеў паабяцалі далейшую падтрымку Ўкраіне дзьвюма вядучымі палітычнымі сіламі ЗША — пасьля прамежкавых выбараў у Кангрэс на будучым тыдні.

Портман, сэнатар з Агаё, прадстаўляе Рэспубліканскую партыю, Кунс — сябра Дэмакратычнай партыі са штату Дэлавэр.

Журналістам сэнатары заявілі, што ў іх адбылася «вельмі пазытыўная» размова з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. Яны адзначылі таксама, што ў рамках паездкі наведалі адно з энэргапрадпрыемстваў, якія пацярпелі ў выніку расейскага ўдару з прымяненьнем іранскіх дронаў.

У сувязі з намечанымі на 8 лістапада прамежкавымі выбарамі ў Злучаных Штатах выказваліся асьцярогі, што сябры Рэспубліканскай партыі, якой прагназуюць пераход кантролю над Палатай прадстаўнікоў, могуць аслабіць падтрымку Ўкраіне.

Як адзначае Reuters, вайсковая і фінансавая дапамога з боку ЗША і іншых заходніх краін стала жыцьцёва важнай для Ўкраіны ва ўмовах расейскага ваеннага ўварваньня, якое працягваецца з канца лютага.

Цяперашні лідэр рэспубліканскай меншасьці ў Палаце прадстаўнікоў Кэвін Макарці заявіў у мінулым месяцы, што амэрыканскія выбарнікі ня стануць выпісваць Украіне чэкі без абазначэньня сумы ва ўмовах рэцэсіі. Роб Портман падчас візыту ў Кіеў, мяркуючы па ўсім, меў на ўвазе гэтыя словы Макарці, калі заўважыў, што некаторых зь ягоных калегаў няправільна зразумелі.

«Гэта ў інтарэсах нацыянальнай бясьпекі Амэрыкі, каб Расея не дабілася сваіх мэт ва Ўкраіне», – сказаў Портман. Пры гэтым ён дадаў, не прывёўшы дэталяў, што ў аказаньні дапамогі павінна быць «больш адказнасьці».

  • Ракетныя ўдары па ўкраінскай інфраструктуры расейскія вайскоўцы наносяць з 10 кастрычніка. У Маскве заявілі аб кроках у адказ на выбух на Крымскім мосьце, які, як сьцьвярджае прэзыдэнт Уладзімір Пуцін, зладзілі ўкраінскія спэцслужбы. Мінабароны Расеі назвала мэтай удараў аб'екты сыстэм ваеннага кіраваньня, сувязі і энэргетыкі. Іран і Расея адмаўляюць, што Масква выкарыстоўвае ва Ўкраіне пастаўленыя Іранам бесьпілётнікі-камікадзэ.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG