Дэфіцыт дактароў у Беларусі не зьмяншаецца. На 3 лістапада ў базе вакансій дзяржаўнай службы занятасьці Беларусі 4,6 тысячы вакансій дактароў-спэцыялістаў.
Таксама ў Беларусі не хапае больш за 3,6 тысячы мэдыцынскіх сёстраў, больш за 2,3 тысячы санітараў і 447 памочнікаў урача.
Толькі ў Менску не хапае 1381 доктара-спэцыяліста, 1552 мэдсёстраў і 950 санітараў.
Амаль тысяча вакансій дактароў-спэцыялістаў — на зарплату менш за 1000 рублёў, каля 3 тысяч вакансій — з заробкам ад 1000 да 2000 рублёў, максымальны заробак (прапануюць у адным шпіталі Менску) — 2800 рублёў. Большасьць вакансій мэдсёстраў (3233 вакансіі) — з заробкам менш за тысячу рублёў.
Для параўнаньня: паводле стану на 21 верасьня для дактароў-спэцыялістаў было адкрыта 4018 вакансій, на 22 чэрвеня было 3905 вакансій дактароў, а 29 траўня — 3754.
Для мэдсёстраў на 21 верасьня было 3462 прапановы ад наймальнікаў, на 22 чэрвеня — 3393, на 29 траўня — 2310 вакансій.
З 1 ліпеня для мэдработнікаў адмянілі ковідныя даплаты, але ўвялі для іх новую надбаўку.
Дэфіцыт мэдыкаў прызналі і ва ўрадзе, там шукаюць спосабы запаволіць адток кадраў з аховы здароўя. Па словах намесьніка прэм’ер-міністра Ігара Петрышэнкі, як мінімум часткова вырашыць праблему разьлічваюць за кошт павелічэньня бюджэтных месцаў у навучальныя ўстановы па мэдычных спэцыяльнасьцях. Ён таксама паабяцаў сацыяльную падтрымку спэцыялістам на месцах, у першую чаргу жыльлём.
Аляксандар Лукашэнка на адкрыцьці ў пачатку чэрвеня дзіцячай паліклінікі ў Менску заклікаў менш будаваць сацыяльных абʼектаў, а зэканомленыя грошы накіраваць на павышэньне заробкаў мэдыкам.