Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 85 гадоў таму нарадзіўся Яўген Кулік, адзін з аўтараў эталёну дзяржаўнага герба «Пагоня»


Яўген Кулік. Аўтар Леанід Шчамялёў
Яўген Кулік. Аўтар Леанід Шчамялёў

Падзеі 31 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Даты дня

85 гадоў таму нарадзіўся мастак Яўген Кулік, адзін з аўтараў эталёну дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусі «Пагоня», які ў верасьні 1991 году быў зацьверджаны Вярхоўным Саветам. Тады ў фае перад Авальнай заляй была разгорнутая выстава, якую на просьбу Зянона Пазьняка зрабілі мастакі Яўген Кулік, Мікола Купава, Лявон Бартлаў ды іншыя, якая адлюстроўвала гісторыю нацыянальных сымбаляў. Дэпутаты-гісторыкі тлумачылі расказвалі калегам эпізоды мінуўшчыны, пра якія не пісалася ў савецкіх газэтах.

Выстава ў фае Авальнай залі, Алег Трусаў расказвае пра Пагоню. Верасень 1991, фота Уладзіміра Сапагова (vytoki.net).
Выстава ў фае Авальнай залі, Алег Трусаў расказвае пра Пагоню. Верасень 1991, фота Уладзіміра Сапагова (vytoki.net).

31 кастрычніка 1992 году ня стала Міхася Ткачова, беларускага гісторыка і палітыка. Ткачоў быў ініцыятарам аднаўленьня сацыял-дэмакратыі ў Беларусі і першым старшынём Цэнтральнай Рады БСДГ (1991–1992).

Вучыў беларускай гісторыі Высоцкага. 16 фактаў пра Міхася Ткачова

Як гісторык Міхась Ткачоў першым у беларускай гістарыяграфіі прасачыў эвалюцыю замкаў і арганізацыю абароны беларускіх гарадоў.

500 найлепшых кніг за 500 гадоў

Таксама ў гэты дзень

1517 — Марцін Лютэр зрабіў у Вітэнбергу заяву пра неабходнасьць прывядзеньня жыцьця кожнага чалавека і ўсяго грамадзтва ў адпаведнасьць са Словам Божым. Гэта стала пачаткам руху Рэфармацыі, які распаўсюдзіўся на ўсю Эўропу, уключаючы Беларусь. 31 кастрычніка вядомы як Дзень Рэфармацыі.

1892 — Артур Конан Дойл апублікаваў зборнік «Прыгоды Шэрлака Голмза».

1905 — у Менску адбылася трагедыя, якая ўвайшла ў падручнікі пад назваю «Курлоўскі расстрэл». У гэты дзень каля чыгуначнага вакзала, які тады называўся Віленскім, сабраўся 20-тысячны мітынг менчукоў, якія выступалі супраць манархіі, за дэмакратычную рэспубліку. На загад губэрнатара Паўла Курлова супраць дэманстрантаў былі кінутыя паліцыя і войска. Пачалася страляніна, у выніку якой 100 чалавек былі забітыя і каля 300 параненыя.

1945 — у Мюнхэне на беларускай мове пачала выходзіць газэта «Бацькаўшчына» (выдавалася да 1966).

1961 — цела Ёсіфа Сталіна вынесьлі з маўзалею на Краснай плошчы Масквы.

1968 — Аркадзю Куляшову і Максіму Танку прысвоілі званьні народных паэтаў Беларусі.

Аркадзь Куляшоў
Аркадзь Куляшоў

2015 — у Эгіпце разьбіўся расейскі самалёт. На борце былі 224 чалавекі, усе загінулі.

У гэты дзень нарадзіліся

1910 — Леанід Галяк, беларускі юрыст, журналіст, грамадзкі дзеяч эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША

1930 — Леў Гумілеўскі, скульптар, народны мастак Беларусі.

1934 — Тадэвуш Кокштыс, народны артыст Беларусі, актор тэатру імя Якуба Коласа.

У памяці

1932 — Кіпрыян Кандратовіч, расейскі і беларускі вайсковы дзяяч, генэрал, сябра Народнага Сакратарыяту БНР.

1937 — супрацоўнікі НКВД расстралялі Антона Баліцкага, дзяржаўнага дзеяча, аднаго з актыўных праваднікоў палітыкі беларусізацыі ў БССР.

1993 — Фэдэрыка Фэліні, італьянскі рэжысэр.

1996 — Віктар Тураў, беларускі рэжысэр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG