Дата дня
28 кастрычніка 1950 году быў расстраляны Расьціслаў Лапіцкі, адзін з кіраўнікоў паваеннага антысавецкага Супраціву 1940-х, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.
Гэты дзень у гісторыі
1523 — у Кракаве выйшла з друку лацінская паэма Міколы Гусоўскага «Песьня пра зубра» — хрэстаматыйны твор беларускай літаратуры Сярэднявечча.
1886 — адбылося афіцыйнае адкрыцьцё статуі Свабоды ў Нью-Ёрку.
1892 — у музэі Грэвэн Эміль Рэно прадставіў «пантамімы, якія сьвецяцца»; да юбілею гэтай падзеі быў заснаваны «Міжнародны дзень анімацыі».
1918 — абвяшчэньне незалежнасьці Чэхаславаччыны.
1939 — у Беластоку пачаў працу Народны Сход Заходняй Беларусі, які прыняў Дэклярацыю аб уключэньні Заходняй Беларусі ў склад БССР. Папярэднічалі сходу выбары, на якіх былі абраныя 926 дэпутатаў. Народны сход меў фармальны характар, бо праводзіўся пад поўным кантролем уладаў.
1939 — войскі Літоўскай Рэспублікі на падставе ранейшай дамовы з Масквою занялі Вільню.
1942 — нацысты зьнішчылі гета ў Пінску.
1962 — савецкі кіраўнік Мікіта Хрушчоў абвясьціў пра вывад савецкіх ядзерных ракетаў з Кубы. Карыбскі ракетны крызіс перад гэтым паставіў быў сьвет на мяжу ядзернай вайны.
У гэты дзень нарадзіліся
1845 — Зыгмунт Урублеўскі, навуковец-фізык, удзельнік паўстаньня 1863–1864 гадоў.
1884 — Флярыян Ждановіч, актор, рэжысэр, тэатральны дзеяч, адзін з заснавальнікаў прафэсійнага беларускага тэатру. Быў мастацкім кіраўніком Першага беларускага таварыства драмы й камэдыі. У 1930-м яго арыштавалі й засудзілі на тры гады катаргі, якую ён адбываў на Беламорканале. У 1938-м Ждановіча арыштавалі зноў. На тым ягоная біяграфія абарвалася.
1904 — Іван Сацункевіч, беларускі дзяржаўны дзеяч, эканаміст, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падпольля і партызанскага руху на Меншчыне падчас Другой сусьветнай вайны.
1904 — Парфён Савіцкі, беларускі гісторык.
1955 — Біл Гейтс, заснавальнік кампутарнай кампаніі Microsoft.
1972 — Аляксандар Старыкевіч, беларускі публіцыст, грамадзкі дзеяч, арганізатар Усебеларускага Зьезду за Незалежнасьць.
У памяці
1704 — Джон Лок, ангельскі філёзаф.
1998 — Тэд Х’юз, ангельскі паэт.